Сцяг Серада, 10 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 снежня 2025, 15:58

Паскаў успомніў пра манумент "Тры сястры", разважаючы пра гатоўнасць Мінска прыняць перагаворы па Украіне

Фота з архіва
Фота з архіва
10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск з'яўляецца найбольш прыдатнай пляцоўкай для перагавораў па Украіне. Такое меркаванне ў праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА выказаў балгарскі палітолаг Пламен Паскаў.

"Не так даўно сталі гаварыць аб тым, што мірныя перагаворы і сустрэча двух Уладзіміраў (прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з Уладзімірам Зяленскім. - Заўвага БЕЛТА) павінна адбыцца ў Будапешце. І Віктар Орбан, і Петэр Сіярта (прэм'ер-міністр і кіраўнік МЗС Венгрыі. - Заўвага БЕЛТА) сталі гаварыць, што ідзе ліхаманкавая падрыхтоўка. Але я адразу сказаў, што калі будзе наступная сустрэча двух Уладзіміраў, то гэта можа адбыцца альбо ў Турцыі, альбо ў Мінску", - адзначыў Пламен Паскаў.

Палітолаг, гаворачы пра перагаворную пляцоўку ў Будапешце, звярнуў увагу, што Уладзіміру Пуціну можа быць праблематычна дабрацца да Венгрыі. Калі дабірацца туды па паветры, трэба будзе праляцець над некалькімі недружалюбнымі Расіі краінамі. Гэта ставіць пад сумненне перспектывы перагавораў па Украіне ў Будапешце, лічыць Пламен Паскаў.

"Калі я думаў, дзе можа адбыцца такая сустрэча, мне ў галаву адразу прыйшлі Турцыя і Беларусь. Туды абодва Уладзіміры могуць трапіць бяспечным для сябе чынам, - падкрэсліў ён. - Калі не Турцыя і не Беларусь, то гэта могуць быць Манголія ці Кітай. На крайні выпадак Анкарыдж, але ён далёка ад Украіны. Пекін - гэта тэорыя. А Манголія - занадта "экзатычны" варыянт".

Палітолаг выказаў меркаванне, што менавіта Беларусь з'яўляецца найбольш прыдатнай пляцоўкай для перагавораў паміж Расіяй і Украінай. Ён упэўнены, што прадстаўнікам дзвюх славянскіх краін будзе значна прасцей дамовіцца на тэрыторыі трэцяй славянскай краіны. "Ёсць помнік "Тры сястры", які я бачыў. Калі гэтыя дзве сястры не могуць вырашыць пытанне ў трэцяй сястры..." - дадаў Пламен Паскаў.

Акрамя таго, лічыць палітолаг, на сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага ў ролі своеасаблівага медыятара захоча прысутнічаць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. І тут праблема ў тым, што "ястрабы" з Дэмакратычнай партыі ЗША могуць выступіць супраць правядзення перагавораў у Мінску. "Трампа так задзяўбуць і замучаюць напярэдадні праймерыз, што ён тройчы падумае, перш чым згадзіцца прыехаць у Мінск", - сказаў Пламен Паскаў.

Раней Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным заявіў аб гатоўнасці аднавіць перагаворы па Украіне на мінскай пляцоўцы.

"Калі ў вас будзе жаданне вярнуцца ў Мінск зноў (гэта дарэчы будзе), вы ведаеце, мы заўсёды гатовы. Што датычыцца Украіны, нас часта папракаюць... Вы ведаеце, мы вядзём дыялогі і з заходнікамі, і з амерыканцамі. Калі яны пачынаюць пра гэта гаварыць, я ім задаю пытанне: "Вы што, не ведалі, што мы не проста родныя людзі (народы Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА)? У нас юрыдычна абгрунтаваныя дзеянні, мы ж саюзнікі", - сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі