Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 сакавіка 2020, 12:40

Парывісты вецер і начныя замаразкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парывісты вецер і начныя замаразкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У пятніцу, 20 сакавіка, надвор'е будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, удзень па поўначы праявіцца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзела. Чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі па поўначы краіны пройдуць невялікія ападкі, у асноўным дождж. У начны і ранішні час у асобных раёнах магчымы слабы туман, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні, паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, удзень - 6-12 градусаў цяпла.

У суботу, 21 сакавіка, праз тэрыторыю Беларусі будзе перамяшчацца халодны атмасферны фронт, які прынясе крыху ападкаў. Толькі месцамі па краіне пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным у выглядзе мокрага снегу. Уначы і раніцай на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Следам за франтальным раздзелам пачне паступаць паветраная маса з паўночных шырот. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 3 градусаў, па поўначы - да мінус 6 градусаў. Удзень будзе ад нуля да плюс 7 градусаў. З-за парывістага паўночнага ветру дзённая тэмпература будзе адчувацца як 1-6 градусаў марозу.

У нядзелю, 22 сакавіка, атмасферны ціск яшчэ вырасце. Уладу над надвор'ем Беларусі паступова возьме халодны паўночна-атлантычны антыцыклон, што перамяшчаецца з тэрыторыі Швецыі на краіны Балтыі. Ноччу будзе 2-8 градусаў марозу, у паўночных раёнах пры праясненнях - да мінус 10 градусаў. Удзень будзе ад мінус 2 да плюс 4 градусаў. У асноўным будзе без ападкаў, толькі месцамі па паўднёвым усходзе краіны чакаецца невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні парывісты, з-за чаго камфортнасць надвор'я будзе нізкай.

Надвор'е Беларусі застанецца пад уплывам халоднага антыцыклону і ў першай палавіне наступнага тыдня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі