Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 красавіка 2021, 17:29

Парламенцкія слуханні на тэму тэрытарыяльнай цэласнасці і народнага адзінства пройдуць 29 красавіка

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкія слуханні на тэму "Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі. Гісторыка-прававыя аспекты ўз'яднання заходнебеларускіх зямель у складзе БССР" пройдуць 29 красавіка 2021 года ў Палаце прадстаўнікоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Будуць абмяркоўвацца міжнародныя і геапалітычныя вынікі ўз'яднання беларускага народа, гісторыя і сучаснасць беларуска-польскіх адносін, шляхі заканадаўчага замацавання асноў дзяржаўнай дзейнасці па захаванні гістарычнай спадчыны і іншыя пытанні.

"Парламенцкія слуханні прысвечаны такім ключавым момантам, як Рыжскі мірны дагавор, які разарваў Беларусь на часткі, і тое, як мы потым ішлі да гэтага адзінства. Што для беларускай нацыі значыць 17 верасня і 14 лістапада 1939 года. Наколькі легітымны быў Рыжскі мірны дагавор, а таксама барацьба беларусаў за тэрытарыяльную цэласнасць і нацыянальнае ўз'яднанне ў 1920-30-я і 1940-я гады, як і процідзеянне гэтаму тэрытарыяльнаму адзінству з боку антыбеларускіх сіл у час і пасля Другой сусветнай вайны", - сказаў Ігар Марзалюк.

Паводле яго слоў, праблема адзінства сёння гучыць як ніколі актуальна, як і тыя ўрокі, якія вынес беларускі народ з гісторыі XX стагоддзя. "Калі Беларусь проста знікла з карты, потым з'явілася ў выглядзе шасці паветаў, як гэта тэрыторыя расла і як жаданне беларускіх патрыётаў, інтэлігенцыі, беларускіх грамадзян стварыла тое адзінства, у якім мы жывём, якое мы ўспрымаем як паветра, і як важна яго захаваць", - адзначыў парламентарый.

У ліку ўдзельнікаў парламенцкіх слуханняў - прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, а таксама навуковых арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў.

"У тэматыцы дакладаў будуць адлюстраваны такія аспекты, як геапалітычнае становішча беларускіх зямель у XX стагоддзі, прававы статус беларускай нацыі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай з 1921 па 1939 год. Будзе даклад, прысвечаны самому верасню 1939 года з беларускага нацыянальнага пункту гледжання, дзеянням антысавецкага і антыбеларускага падполля на тэрыторыі Заходняй Беларусі з 1939 па 1953 год, а таксама адлюстраванню тэмы ўз'яднання ў беларускай палітычнай публіцыстыцы таго часу, - дадаў Ігар Марзалюк. - 2021-ы абвешчаны Годам народнага адзінства. Гэтыя мэты набываюць асаблівую важнасць і надаюць асаблівую значнасць парламенцкім слуханням, асабліва ва ўмовах працэсаў глабалізацыі, сутыкнення інтарэсаў значных сусветных ігракоў. Таму маладая суверэнная дзяржава, якая таксама аказалася на скрыжаванні гэтых падзей, павінна захаваць сваю ідэнтычнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі