
31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык у час наведвання ЗАТ "Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асабіста пратэсціраваў у палёце аўтажыр - першы выраблены ў Беларусі пілатуемы звышлёгкі лятальны апарат, адзначыўшы яго высокую манеўранасць і кіруемасць. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Пятру Пархомчыку таксама паказалі вытворчыя магутнасці прадпрыемства, на якім вырабляецца прадукцыя з высокай ступенню лакалізацыі. У прыватнасці, была прадэманстравана работа "Аградрона А60-Х" на базе беспілотных лятальных апаратаў мультыротарнага тыпу, які прызначаны для ўнясення сродкаў абароны раслін па тэхналогіі ультрамалааб'ёмнага апырсквання. Гэта ўнікальная распрацоўка прадпрыемства прызнана пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Лідары лічбавай эканомікі - 2022" у намінацыі "Праграмна-апаратны прадукт года" ў катэгорыі "Аграпрамысловы комплекс" і адзначана дыпломам ІІ ступені.
Прадпрыемства прадставіла і іншыя распрацоўкі. Сярод іх - дрон, аналаг якога працуе на беларускай станцыі ў Антарктыдзе, дрон з магчымасцю вертыкальнага ўзлёту, стэнд для выпрабавання рухавікоў прапелераў, стэнд для выпрабаванняў рухавікоў для дронаў.
ЗАТ "Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы" НАН Беларусі - кітайска-беларускае прадпрыемства. Цэнтр размяшчэння прадпрыемства знаходзіцца ў індустрыяльным парку "Вялікі камень", 33-м рэзідэнтам якога і з'яўляецца ЗАТ "АТК". Уся прадукцыя выпускаецца на аснове ўласных распрацовак, асноўная канцэпцыя якіх - удасканаленне паказчыкаў надзейнасці функцыянавання, працягласці і далёкасці палётаў распрацаванай тэхнікі.-0-