Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 студзеня 2021, 16:00

Памёр Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памёр Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт (у свеце - Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія.

У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаства з імем у гонар святога Філарэта Літасцівага і быў пасвячоны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў назначаны Мітрапалітам Мінскім і Беларускім, Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м - Мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода. У 1992-2013 гадах быў Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрытам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Дзейнасць уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць як у блізкім, так і далёкім замежжы. Пры ім у Беларусі былі адроджаны ўсе гістарычна існаваўшыя епархіі, аднавілі дзейнасць мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы. Намаганнямі Яго Высокапраасвяшчэнства аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя, былі заснаваны Мінская духоўная акадэмія, духоўнае вучылішча, школа катэхізатараў.

Па благаславенні Патрыяршага Экзарха была адноўлена святыня Беларусі - Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, пачаў функцыянаваць унікальны сацыяльны праект Беларускай праваслаўнай царквы - Дом міласэрнасці. Па ініцыятыве Мітрапаліта Філарэта ў царкоўны каляндар унесена новае свята "Сабор Беларускіх святых" і ўстаноўлены агульнацаркоўныя святы ўсіх беларускіх святых, сярод якіх імёны прападобнай Ефрасінні Полацкай, свяціцеляў Кірылы Тураўскага, Георгія Каніскага і іншых. Мітрапаліт Філарэт арганізаваў пераклад кніг Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову.

Дзякуючы намаганням Мітрапаліта Філарэта створаны Міжнародны хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, а таксама Інстытут рэлігійнага дыялогу і міжканфесійных камунікацый. Пры яго дзейсным удзеле было распрацавана і заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой.

Падзвіжніцкая асветная дзейнасць ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, яго вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага і расійскага народаў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі - ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, Пашаны, Францыска Скарыны, расійскім ордэнам "За заслугі перад Айчынай" IV ступені і іншымі.

У 2006 годзе Мітрапаліту было прысвоена званне "Герой Беларусі".

Як паведамляецца на афіцыйным партале БПЦ, 16 снежня 2020 года Мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны з прыкметамі захворвання, якое выклікае каранавірусная інфекцыя. Ён памёр у бальніцы 12 студзеня 2021 года. Інфармацыя аб часе і месцы развітання з ім будзе размешчана дадаткова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі