Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 лютага 2022, 14:45

Паліклінікі перайшлі на сямідзёнку. Ці шмат пацыентаў у выхадныя?

З пачатку лютага паліклінікі перайшлі на сямідзённы графік работы з-за росту захваральнасці на прастуды і COVID-19. У мінулыя суботу і нядзелю ўрачы прымалі тых, хто з тэмпературай, назначалі лячэнне і выпісвалі бальнічныя. Словам, як у любы іншы дзень тыдня. Карэспандэнты "7 дней" даведаліся, на што ў выхадныя скардзіліся пацыенты, і паглядзелі, якія чэргі былі на прыём.

На сямідзёнку станавіся!

Адпраўляемся ў 1-ю паліклініку Цэнтральнага раёна. Тут 31 студзеня, як і ў многіх іншых установах аховы здароўя сталіцы, былі чэргі з жадаючых трапіць на прыём да ўрача. А што ў выхадныя?

Субота, 10 раніцы. На ўваходзе ў будынак карціна ўжо прывычная: медработнік у масцы і ахоўным касцюме праводзіць тэрмаметрыю і цікавіцца ва ўсіх, хто прыходзіць, куды яны накіроўваюцца.

- У вас 37,5. Што яшчэ непакоіць? - пытаецца медработнік у маладога чалавека.

Пачуўшы ў адказ пра боль у горле і кашаль, тлумачыць, куды звярнуцца:

- Абыдзіце, калі ласка, будынак з вуліцы. Вы ўбачыце паказальнікі, дзе прымаюць пацыентаў з тэмпературай. Усяго добрага, выздараўлівайце!

Ідзём следам за хлопцам і па дарозе знаёмімся. Аляксею 25 гадоў. У пятніцу ўвечары ў яго крыху паднялася тэмпература, за ноч вырасла да 38.

- Раніцай вырашыў - трэба ісці да ўрача. Мала што, хоць чытаў, што амікрон цяпер пераносіцца лёгка, да таго ж я прышчэплены. Але ж усё індывідуальна, - гаворыць хлопец. - Вядома, бачыў шмат навін пра вялікія чэргі. Шчыра кажучы, баюся нават уявіць, колькі чалавек цяпер там, куды я іду, чакаюць прыёму. Радуе тое, што на вуліцы нікога няма.

Заглядваем разам з Аляксеем у чырвоную зону, куды звяртаюцца пацыенты з падазрэннем на COVID-19. У чарзе сем чалавек. Працуюць два кабінеты.

- У суботу ў чырвонай зоне прыём вядуць два ўрачы агульнай практыкі. Пры неабходнасці іх колькасць можна павялічыць да шасці. Пры тыповых прыкметах інфекцыі дыягназ COVID-19 ставіцца без правядзення ПЛР-тэсту ў адпаведнасці з дадаткамі Міністэрства аховы здароўя ў загад нумар 108. Таксама ёсць магчымасць забору агульнаклінічных аналізаў, зняцця ЭКГ, - расказвае загадчык аддзялення агульнай урачэбнай практыкі нумар 1 Андрэй Бразгуноў.

"Была пятая ў чарзе"

У 1-й паліклініцы і раней субота была працоўным днём. Цяпер жа ў чыстай зоне задзейнічаны дадатковыя службы: даўрачэбны і працэдурны кабінеты, траўмахірургічнае аддзяленне, прымае неўролаг і гінеколаг. Ёсць магчымасць зрабіць флюараграфію і прайсці электракардыяграфію. Вядзе прыём урач-тэрапеўт. Спецыялісты выязджаюць і дадому, у тым ліку да пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй.

- У сувязі з уздымам захваральнасці арганізавалі работу паліклінікі і ў нядзелю - з 9.00 да 18.00. Праўда, акцэнт у гэты дзень зроблены на аказанне меддапамогі хворым з прыкметамі ВРВІ і дынамічнае назіранне пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Каб за выхадныя іх стан не пагоршыўся і ў пачатку тыдня яны не прыйшлі адразу ўсе да ўрача, - адзначае спецыяліст і ўдакладняе, што пазамінулы панядзелак сітуацыя ў іх паліклініцы была кантралюемай. - Аператыўна павялічылі колькасць кабінетаў для прыёму людзей з тэмпературай у інфекцыйнай зоне. Павелічэнне колькасці пацыентаў, вядома, было, але мы пастараліся арганізаваць работу так, каб яны максімальна хутка заходзілі да ўрача.

Святлана Аляксееўна адна з першых трапіла на суботні прыём. Гаворыць, ноччу стала дрэнна, паднялася тэмпература. Вырашыла не чакаць панядзелка і паспяшалася да ўрача.

- У мяне тэмпература і іншыя сімптомы прастуды. Я была пятая ў чарзе. Чакала прыёму менш за гадзіну. Вось ужо на бальнічным. На наступны прыём толькі ў пятніцу, - сказала жанчына і паспяшалася выйсці з чырвонай зоны.

Дзень - суботні, рэжым - штатны

Нехта скажа, маўляў, адна паліклініка не паказчык. Што ж, пераязджаем у другую - у 28-ю, якая знаходзіцца ва Уруччы. У суботу яна працуе ў штатным рэжыме. На ўваходзе, як і прынята, сустракае медработнік з тэрмометрам. У рэгістратуры ніводнага наведвальніка.

- У звычайныя дні ў нас заўсёды дзяжураць пяць тэрапеўтаў: адны ідуць на дамашнія візіты, іншыя вядуць прыём у чыстай зоне. Вузкія спецыялісты дапамагаюць прымаць пацыентаў у кантамінаванай зоне, - тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Данута Гайдэль. - Улічваючы эпідэміялагічную абстаноўку, пры неабходнасці пераразмяркоўваем медработнікаў. У выхадныя ў чырвонай зоне працуе тры кабінеты.

Напрыклад, у панядзелак, пра які шмат пісалі ў інтэрнэце, ва ўстанове неадкладна арганізавалі работу максімальнай колькасці кабінетаў. Рэарганізавалі зону чакання для пацыентаў, якія прыйшлі ў чырвоную зону, з улікам мінусавой тэмпературы на вуліцы.

- Пацыенты ёсць заўсёды: ці гэта панядзелак ці нядзеля. Кожны з іх хоча прабыць у паліклініцы як мага менш. Нашы сілы накіраваны менавіта на тое, каб мінімізаваць час іх знаходжання як у чыстай, так і ў кантамінаванай зоне, - удакладняе Данута Браніславаўна і дадае, што работа ў суботу і нядзелю дазваляе зменшыць паток пацыентаў і нагрузку на ўрачоў у панядзелак.

У пачатку тыдня ва ўстановах аховы здароўя традыцыйны ажыятаж: за выхадныя колькасць хворых павялічваецца.

За раніцу - амаль 25 пацыентаў

Урач-хірург ДУ "28-я гарадская паліклініка" Алена Ганчарук у суботу дзяжурыць якраз у чырвонай зоне. Гаворыць, што паток тых, хто звярнуўся да медыкаў, невялікі - за першыя гадзіны работы прынята каля 25 чалавек.

- Асаблівасці пятай хвалі, а менавіта штама амікрон, у тым, што ён у першую чаргу пранікае ў верхнія дыхальныя шляхі. Пачынае балець горла, з'яўляецца пяршэнне, тэмпература вышэйшая за 37,5 градуса, сухі кашаль, ламота ў целе, адчуваецца заложанасць носа, - падкрэслівае Алена Янаўна. - Значна радзей сталі скардзіцца на страту нюху і смаку. Значна зменшылася колькасць выпадкаў пнеўманій. Гэты штам пацыенты пераважна пераносяць у лёгкай форме.

Дарэчы, пры такім ходзе хваробы на COVID-19 медыкі раяць падумаць пра вакцынацыю або рэвакцынацыю ўжо праз некалькі месяцаў пасля выздараўлення.

- Улічваецца агульны стан чалавека: як ён перанёс захворванне, наколькі цяжкім быў стан. Кожны выпадак індывідуальны, - гаворыць Данута Гайдэль. - Хачу адзначыць, што людзі прадаўжаюць актыўна рабіць прышчэпкі. Многія, закрываючы бальнічны, пытаюцца, калі можна прайсці рэвакцынацыю. Нас, медыкаў, гэта вельмі радуе, таму што толькі так мы зможам перамагчы каварны вірус.

Сямідзённы графік работы паліклінік будзе дзейнічаць да нармалізацыі эпідабстаноўкі і ўзроўню захваральнасці на ВРВІ і COVID-19 у абласцях і Мінску.

Марына ВАЛАХ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі