Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 снежня 2020, 15:06

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект аб дзяржаўнай службе

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб дзяржаўнай службе", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла, прадстаўляючы законапраект у Авальнай зале, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, інстытут прафесійнай дзяржаўнай службы створаны ў 1993 годзе і цяпер дзейнічае на падставе закона 2003 года "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь".

"Выбудаваная ў нашай краіне мадэль дзяржаўнай службы дазваляе вырашаць асноўныя яе задачы. Створаны дзейсны і кампактны дзяржаўны апарат. Разам з тым дзеючы больш за 17 гадоў практычна ў нязменным выглядзе закон "Аб дзяржаўнай службе" патрабуе перагляду з улікам як практыкі прымянення, так і ў сувязі з неабходнасцю вызначэння новых перспектыўных напрамкаў развіцця інстытута дзяржаўнай службы ў зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах", - расказала міністр.

Паводле яе слоў, галоўная мэта пераўтварэнняў - павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання. "Неабходна стварыць умовы, пры якіх у сістэму дзяржаўных органаў прыходзілі б не выпадковыя людзі на кароткатэрміновы перыяд, а высокапрафесійныя, таленавітыя ўпраўленцы, якія маюць шырокі кругагляд і вялікі патэнцыял, здольны вызначаць стратэгічныя задачы і прыярытэты, ацэньваць наступствы рашэнняў, што прымаюцца, - падкрэсліла Ірына Касцевіч. - Праект закона падрыхтаваны ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы, дадзенага 26 ліпеня 2018 года на нарадзе па пытаннях сацыяльна-прававых гарантый дзяржаўных служачых і павышэння прэстыжу дзяржаўнай службы. Законапраект распрацавала міжведамасная рабочая група, у склад якой уваходзілі як прадстаўнікі дзяржаўных органаў, так і вучоныя і эксперты, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі".

У праекце закона, у прыватнасці, замацоўваецца цэласная сістэма дзяржаўнай службы, якая складаецца з дзяржаўнай цывільнай службы, ваеннай службы, службы ў ваенізаваных арганізацыях. "Вызначэнне адзінай сістэмы дзяржаўнай службы будзе садзейнічаць ўстараненню супярэчнасцей у прававым рэгуляванні, а таксама закладзе фундамент для збліжэння і выпрацоўкі ўніфікаваных падыходаў у рэгламентацыі розных відаў дзяржаўнай службы. Для забеспячэння адзінства дзяржаўнай службы прадугледжаны агульныя для ўсіх дзяржаўных служачых нормы, якія вызначаюць прынцыпы дзяржаўнай службы і паняцці. Уводзіцца рэестр дзяржаўных цывільных пасад і ўдасканальваецца існуючая сістэма класаў дзяржаўных служачых", - дадала міністр.

Рэестр дасць магчымасць дыферэнцыраваць цывільныя пасады і адпаведную ім аплату працы ў залежнасці ад узроўню дзяржаўнага органа, ускладзеных на цывільнага служачага паўнамоцтваў, узроўню кваліфікацыі, стажу цывільнай службы. У гэтых мэтах будзе падрыхтаваны праект указа аб дзяржаўных цывільных пасадах.

Прадугледжваецца таксама ўзмацненне дысцыпліны і адказнасці цывільных служачых у мэтах збліжэння іх прававога статусу з ваеннаслужачымі. "У прыватнасці, вызначаецца паняцце службовай дысцыпліны цывільных служачых і спосабы яе забеспячэння па аналогіі з патрабаваннем воінскіх статутаў і статутаў ваенізаваных арганізацый, замацоўваюцца агульныя патрабаванні да этычных паводзін цывільных служачых па аналогіі з палажэннямі дзеючых дысцыплінарных статутаў, якія распаўсюджваюць сваё дзеянне як на службовыя паводзіны, так і на паводзіны ў быце. Для гэтых мэт у якасці дадатку да закона распрацаваны агульныя патрабаванні службовай этыкі дзяржаўных цывільных служачых. Невыкананне патрабаванняў службовай этыкі прывядзе да прымянення да цывільнага служачага мер дысцыплінарнага ўздзеяння", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Міністр упэўнена, што развіццё інстытута этыкі на цывільнай службе будзе садзейнічаць павышэнню даверу насельніцтва да дзяржаўных органаў, фарміраванню культуры ўзаемаадносін на дзяржслужбе, а таксама папярэджанню парушэння норм антыкарупцыйнага заканадаўства і павышэнню іміджу дзяржслужбы ў цэлым.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі