Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 верасня 2019, 16:24

Пахаладанне прыйдзе ў Беларусь у выхадныя

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З будучых выхадных у Беларусі пачнецца пахаладанне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У верасні прырода нібыта вырашыла вярнуць жыхарам краіны даўжок за халодны ліпень: сярэднясутачныя тэмпературы на 2-4 градусы перавышалі кліматычную норму. Так па-летняму цёпла ў гэтых чыслах верасня ў Беларусі бывае раз у 10-15 гадоў", - адзначылі ў Белгідрамеце. Найбольш значныя станоўчыя адхіленні тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы былі адзначаны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (31,1) зарэгістравана 2 верасня на метэастанцыі Пінск.

Паводле даных сіноптыкаў, на працягу мінулых дзён верасня адзначаўся дэфіцыт ападкаў. У сярэднім па Беларусі выпала менш за 50 працэнтаў кліматычнай нормы. На асобных метэастанцыях (Касцюковічы, Жыткавічы, Мазыр) ападкі не былі адзначаны ні разу. Па поўдні рэспублікі назіраецца высокая, а месцамі і надзвычайная пажаранебяспека.

У пятніцу, 13 верасня, надвор'е ў асноўным яшчэ будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў цёплым паветры. Толькі ў другой палавіне дня па паўночным захадзе рэспублікі праявіцца ўплыў франтальнага раздзела. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ў другой палавіне дня па паўночным захадзе будзе воблачна і месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер уначы паўднёва-заходні слабы, удзень заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-14 градусаў цяпла, месцамі будзе плюс 5-7. Удзень чакаецца ад плюс 17 па паўночным захадзе краіны да плюс 25 па паўднёвым усходзе.

"У бліжэйшыя выхадныя сітуацыя ў атмасферы зменіцца, - адзначаюць у Белгідрамеце. - У халодным паветры Паўночнай Атлантыкі ўтварыўся цыклон, яго атмасферны фронт, перамяшчаючыся цераз нашу краіну, пачне адцясняць цёплае паветра за яе межы. Пачнецца пахаладанне, і Беларусь акунецца ў восень".

У суботу, 14 верасня, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы месцамі, удзень пераважна па паўночна-ўсходняй палавіне краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе заходні, паўночна-заходні парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-12 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе будзе да 14, удзень чакаецца 13-20 градусаў цяпла.

У нядзелю, 15 верасня, надвор'е будзе вызначаць халодная паветраная маса паўночнаатлантычнага паходжання, раніцай і днём на паўночна-ўсходняй палавіне краіны праявіцца ўплыў франтальнай сістэмы. Ноччу, як чакаецца, будзе воблачна з праясненнямі і без істотных ападкаў, раніцай і днём таксама будзе пераважаць воблачнае надвор'е. Пераважна па паўночна-ўсходняй палавіне краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе заходні, паўднёва-заходні ўмераны, днём месцамі па поўначы моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-9 градусаў цяпла, днём будзе ад плюс 10 па поўначы да плюс 22 па паўднёвым захадзе краіны.

У першай палавіне наступнага тыдня рэспубліка будзе знаходзіцца ў зоне франтальных сістэм і халаднаватых паветраных мас, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы.

У панядзелак, 16 верасня, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, пераважна ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе заходні парывісты, днём месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы - 7-12 градусаў цяпла, месцамі каля 14, днём чакаецца 13-20 градусаў цяпла, па поўдні краіны - 21-23.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі