
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў у гутарцы з журналістамі выказаў надзею, што пагадненне аб свабодным гандлі паслугамі будзе падпісана на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў у Сочы 8 чэрвеня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўнае пытанне, якое сёння будуць абмяркоўваць пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі, - падрыхтоўка ўжо на завяршальным этапе да чарговага пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД, якое адбудзецца 8 чэрвеня ў Сочы па прапанове расійскага боку. У парадку дня пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў 15 пытанняў. Яны ўсе гатовы ўжо для разгляду. Вядома, самы галоўны пункт парадку дня - пагадненне аб свабодным гандлі паслугамі", - расказаў Сяргей Лебедзеў.
Генеральны сакратар нагадаў, што работа над пагадненнем ішла больш за 10 гадоў. "На працягу апошняга года вельмі актыўна працавалі эксперты, прадстаўнікі краін Садружнасці на высокім узроўні, на ўзроўні міністраў эканомікі збіраліся некалькі разоў. Мы вельмі спадзяёмся, што пагадненне аб свабодным гандлі паслугамі будзе падпісана. Прынамсі, у нас такая надзея ёсць і падставы для гэтага ёсць, - адзначыў ён. - Унутрыдзяржаўныя працэдуры прайшлі. Мы спадзяёмся, што пагадненне будзе падпісана".
Чарговае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах Садружнасці праходзіць сёння ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску. Пастаянныя прадстаўнікі плануюць абмеркаваць ход падрыхтоўкі да маючага адбыцца пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Члены СКУ абмяняюцца думкамі па тэме эканамічнага ўзаемадзеяння ў Садружнасці, разгледзяць праекты канцэпцыі развіцця прамысловай кааперацыі і комплексу мер па яе рэалізацыі да 2030 года, падпішуць пагадненні аб узаемадзеянні пры абмене данымі маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі і па пытаннях дакументавання асоб, якія падлягаюць прымусовай высылцы, прымуць рашэнне аб заснаванні спартакіяды сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, зацвердзяць спіс маладзёжных сталіц СНД на бліжэйшыя тры гады.
"Акрамя таго, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі і прадстаўнікі Выканкама СНД разгледзяць папярэднія праекты парадку дня двух важных асенніх пасяджэнняў - Савета міністраў замежных спраў СНД, што адбудзецца 12 кастрычніка, а на наступны дзень, 13 кастрычніка, у Бішкеку - Савета кіраўнікоў дзяржаў. Там таксама будзе прапанаваны для разгляду шэраг важных пытанняў, - дадаў Сяргей Лебедзеў. - Традыцыйна кіраўнікі дзяржаў прымаюць важныя палітычныя заявы па гуманітарных пытаннях. Мы будзем прапаноўваць, каб дзве такія заявы былі разгледжаны на асеннім пасяджэнні. Адно гуманітарнае пытанне ўжо ўзгоднена - аб зацвярджэнні Самарканда культурнай сталіцай СНД у 2024 годзе. Гэта пытанне таксама павінны разгледзець кіраўнікі дзяржаў. Упэўнены, што яны пагодзяцца з такой прапановай".-0-