Сцяг Панядзелак, 12 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 мая 2025, 10:30

Пабывалі ў гасцях у фермераў, якія вырабляюць унікальны сыр-сакрэт. Яго няма больш нідзе ў свеце

Пабывалі на хутары ў Маладзечанскім раёне, дзе кароўкі шчыплюць траўку, а яшчэ ў цэху, дзе малако ператвараецца ва ўнікальныя далікатэсы. Такія можна купіць толькі ў Беларусі і толькі ў Аляксандра Кавецкага і Настассі Шандрыкавай.

Іх пазнаёміла свінка


На хутары ў сыраробаў Аляксандра Кавецкага і Настассі Шандрыкавай, як на малюнку, паважна пасвяцца на зялёнай сакавітай траўцы чорна-пярэстыя кароўкі - прыгожыя і чыстыя, нібыта з раніцы душ прынялі. Адна з іх - Малюта - зорка "Інстаграма". Падпісчыкі акаўнта маладзечанскіх сыраробаў ужо бачылі яе ў роліках не раз. Настасся і Аляксандр папярэджваюць: якой бы ручной і дружалюбнай ні была карова, не трэба забываць, што яна - жывёла, а значыць, можа неспадзявана баднуць. У іх міні-статку пяць кароў, кожная з якіх - крыніца не толькі радасці, творчасці і дабрабыту, але і вялікіх клопатаў. А яшчэ ў гаспадарцы ў нашых герояў ёсць свінка, дэкаратыўныя трусы і курачкі. І ўсе яны акружаны клопатам.

- Свінка ў нас жыве лакшэры-жыццём, - заразліва смяецца Настасся. - Есць шмат малочкі, якая застаецца пасля нашых эксперыментаў над сырамі. З дзяцінства свінкі п'юць толькі сыроватку, таму ў іх мяса асаблівае.

Сустрэліся маладыя людзі дзякуючы любові да жывёл. Настасся Шандрыкава - ветэрынарны ўрач. Лячыла жывёл і на ферме, і ў заапарку, а яшчэ аказвала кансультацыі анлайн. Тры гады таму да яе па дапамогу звярнуўся Аляксандр Кавецкі: у гаспадарцы ў яго свіння апарасілася 24 малышамі і не магла іх выкарміць. Спачатку Настасся і Аляксандр разам ратавалі свінку з парасятамі, потым сустракаліся, пасябравалі і... закахаліся.

Аляксандр адзначае: такіх прафесіяналаў, як яго жонка, варта яшчэ пашукаць - магістр ветэрынарных навук, скончыла магістратуру міжнароднага ўзроўню, атрымала патэнт у лячэнні жывёл. Гаворыць муж з гонарам, а ў поглядзе чытаецца, як моцна ён любіць жонку.

Настасся нарадзілася ва Украіне, але ў 2011 годзе пераехала ў Беларусь да першага мужа - на Гомельшчыну. Там жа засталася з дзвюма дочкамі пасля разводу.

- Я і сама магу сябе з дзецьмі забяспечыць, але ў Аляксандры ўбачыла чалавека-крэпасць, якому можна давяраць, з якім не прападзеш, - тлумачыць Настасся сваё рашэнне выйсці за Аляксандра замуж і глядзіць на яго закаханымі вачамі.

Мясцовыя ўлады падтрымліваюць

Нялёгкая штодзённая сельская праца і стварэнне свайго аграбізнесу не палохаюць нашых герояў. Настасія запэўнівае, што для старту не абавязкова мець грошы:

- Можна развівацца з дапамогай іншых рэсурсаў, атрымліваць веды, вопыт, а потым ужо зарабляць. Прычым рабіць гэта можна ўсюды - і ў калгасе, і ў мегаполісе, выбіраючы для бізнесу абсалютна любую нішу, у тым ліку сельскую гаспадарку. Лічу, што гэта адзін з самых высакародных заняткаў у свеце.

Аляксандр - хлопец гарадскі. У вёску, дзе цяпер з 52 дамоў заселены толькі чатыры, пераехаў у 2014 годзе, калі застаўся без работы. Яго не збянтэжыла тое, што прадзедаўскі дом пуставаў ужо 20 гадоў і патрабуе рамонту. Ды і аб тым, як мець на ўтрыманні падворак, Аляксандр тады яшчэ мала ведаў. Тым не менш завёў кароў, свіней, трусоў, курэй, качак і сам з гэтай гаспадаркай спраўляўся.

- Вучыўся ўсяму: і як даіць, і чым жывёл карміць, каб яны былі здаровымі, і як сыр вырабляць, - прыгадвае мужчына.

Дзедаўскі дом, у якім пазней і пасялілася маладая сям'я Аляксандра і Настассі, - заслужаны "пенсіянер", будаваўся яшчэ ў 1950-я. Яны правялі туды ваду, зрабілі ванны пакой, замянілі вокны, дзверы. І на гэтым рамонт паставілі на паўзу. Усе сродкі пусцілі на развіццё бізнесу і стварэнне камфорту для жывёл, якія ў гэтых фермераў у прыярытэце. Таму ў кароўніку нават вада падключана, каб праводзіць гігіену вымя, прыбіраць за кароўкамі, паіць іх. У спякотны дзень кожная можа выпіць да 70 літраў!

Догляд жывёл і дойка - клопат Аляксандра. Настасся складае меню для кароў, сочыць за іх здароўем. Больш за ўсё часу ідзе на тое, каб прыгнаць жывёл з поля ў хлеў і перавязаць іх. А з дойкай можна справіцца за пару гадзін з дапамогай двух даільных апаратаў і вялікага вопыту.

- Нашы каровы па сто літраў малака ў дзень не даюць, - прызнаецца гаспадыня.  - Але, напрыклад, ад Марозкі 38 літраў у дзень ужо атрымліваем. У сярэднім ад усяго статка ў дзень выходзіць 130-150 літраў. Сярэдняя тлустасць малака - 3,7. Калі б мы здавалі яго на перапрацоўку, лічылася б як экстра-клас.

Настасся расказвае, што мясцовыя ўлады падтрымліваюць іх. Напрыклад, выдзелілі 10 гектараў зямлі пад пашу.

- Дапамагаюць і з кармамі. У нас няма магчымасці нарыхтоўваць сена, а яго трэба вельмі шмат. Калі адна карова з'ядае за зіму па 8 цюкоў - кожны вагой 400 кілаграмаў, то ўяўляеце, які неабходны запас? Ездзілі ў ААТ "Гарадзілава" на прыём да дырэктара Дзмітрыя Мікалаевіча Грамовіча, ён сказаў: "Я разумею, што такое пачынаць з нуля", - і падтрымаў. А сена ў яго ў гаспадарцы цудоўнае і па пажыўнасці, і па кармавых адзінках - з паядаемасцю 98 працэнтаў.

"Пасля факапу пайшла на навучанне"

Сённяшняе жыццё Аляксандра і Настассі праходзіць у асноўным паміж хутарам, дзе знаходзіцца іх міні-ферма, і Маладзечнам, дзе размешчаны цэх па вытворчасці сыроў. У верасні 2023-га яны зарэгістравалі сваю сялянска-фермерскую гаспадарку, у снежні арандавалі цэх, а ў лютым ён пачаў працаваць.

Хто ў сям'і галоўны сырароб? Аляксандр, вядома, скажа, што жонка. Разам з тым яшчэ да сустрэчы з будучай жонкай ён і сам гатаваў з малака і адыгейскі, і халумі.

- Мы вырашылі, што трэба развіваць гэту справу, - пачынае расказ Настасся. - Спачатку я паспрабавала ўзбіць першае масла - было шмат захапленняў. Потым пачалі вырабляць сыры, але пацярпелі некалькі няўдач. Выкінулі прадуктаў на суму амаль $1,5 тыс. - вялізныя страты для нашай сям'і, даход якой складаў усяго $200 у месяц. Пасля такога факапу я пайшла на навучанне ў анлайн школу сыраробства. Паціху прыдумала аўтарскі рэцэпт, укараніла яго, падстроіла пад лакальную вытворчасць.

Сёння ўся тайна ператварэння малака ў розныя прадукты адбываецца ў прасторным цэху, а не на маленькай куханьцы ў вясковым доме.

- Раней даводзілася ўставаць кожную гадзіну па начах, бо не было PH-метра - вымяральніка кіслотнасці, і спрабаваць мацарэлу - цягнецца яна ці не. Сёння ў сыраварні дзякуючы тэхналогіям атрымліваю патрэбную кіслотнасць, тлустасць і эластычнасць сырнага цеста. Цяпер у мяне ёсць усё, аб чым я марыла, калі пачынала свой шлях, - усміхаецца Настасся. - Маглі ж купіць машыну, а ўклалі грошы ў сыраварню, танка-ахаладжальнік і маслабойку.

Маладзечанскія фермеры спецыялізуюцца на выцяжных сырах - паста філата. Па сутнасці, гэта мацарэльнае цеста, з якога вырабляюць не толькі мацарэлу, але і сулугуні, сэндвіч сыр.

- У Італіі і Бразіліі я бачыла сыры з рознымі начынкамі. Пачала шукаць выхад на тых, хто іх вырабляе. Майстры ішлі на кантакт, але рэцэптамі не дзяліліся. Так метадам спроб і памылак я стварыла свой сыр Segreto (у перакладзе з італьянскай мовы - "сакрэт"), атрымала на яго аўтарскія правы. Сакрэт - таму што не даведаешся, што ўнутры, пакуль не разрэжаш. Сёння такі сыр можна купіць толькі ў Беларусі і толькі ў нас, - з гонарам падкрэслівае Настасся.

І заўважае, што пачыналі з дзвюх начынак, а сёння іх ужо больш за 15. Разразаеш галоўку, а там у сыры - таматы з кедровымі арэшкамі ці вішня з шакаладам. Ёсць нават чорны сыр з ікрой.

Настасся паказвае, як з сырнага цеста, у якім, дарэчы, няма ні грама мукі, робіць страчатэлу: бярэ ў рукі мяккі, як пластылін, кавалак і пачынае яго выцягваць практычна на ўсю шырыню сваіх рук. Цеста гарачае, яго тэмпература можа даходзіць да 80 градусаў. Уяўляем, як яно апякае пальчыкі Настассі, але па яе ўсмешцы гэтага не зразумееш. Расцягнутыя кавалкі адпраўляюць у ледзяную ваду на нядоўгі час для стабілізацыі, потым пераварочваюць на друшляк і пачынаюць ірваць на нітачкі.

- Ідэальным лічыцца, калі таўшчыня сырных нітак такая, што яны могуць увайсці скрозь вушка іголкі. У нас тысяча водгукаў аб гэтым прадукце - і ўсе станоўчыя. Пішуць, што асалода і нават "нібыта неба ў цябе ў роце", - адзначае Настасся.

Яна лічыць, што страчатэла - адзін з самых распаўсюджаных прадуктаў для стварэння шэдэўральных страў. Яе можна ўжываць як з фруктамі, так і мясам.

Спрабуем свежапрыгатаваную страчатэлу з вяршкамі і кавалачкамі манга. І чаму гэта страва ў італьянцаў некалі лічылася ежай для беднякоў? Падтрымліваю тых, хто на фестывалі "Свой сыр" гэты далікатэс ацаніў вельмі высока, і ён заняў другое месца ў намінацыі "Выбар народа". Сыр-сакрэт Segreto па традыцыі таксама збірае шмат добрых водгукаў. Ён ужо атрымаў высокую ацэнку ў прафесіяналаў з інстытута мяса-малочнай прамысловасці на сырным фестывалі, які праходзіў у сталічным батанічным садзе. Нам дастаўся "сакрэтны" сыр з тунцом і манга - гэта топ продажаў. Ён настолькі смачны, што складана падабраць словы. Як і сырны рулецік з фарэллю, і цвёрды сыр на каньячку…

Пераходзім да салодкага. Сырныя цукеркі-рафаэлкі, шакаладныя сыркі на палачцы - нібыта марожанае эскімо, тварожныя рулецікі з фруктова-арэхавымі начынкамі, шакаладная паста, якая ў мінулым годзе заняла другое месца ў намінацыі "Выбар народа" на фестывалі "Міру-Сыр!". Тады ўсяго за два дні было распрададзена 75 кілаграмаў пасты, і ўсім жадаючым не хапіла.

Здзіўляемся, як шмат цікавага і смачнага можна вырабіць з малака. У таленавітых руках яно ператвараецца ў шэдэўры - карысныя і ўнікальныя. Маладзечанскія фермеры прывыклі да захаплення ад сваіх прадуктаў і адзначаюць, што рыхтуюць навінкі - сыры з цвіллю і прапіёнавакіслымі бактэрыямі.

- Больш за 70 працэнтаў нашых сыроў - аўтарскія распрацоўкі. Хацела б паказаць іх італьянскім і бразільскім калегам, каб яны даведаліся, што ў Беларусі стварыла дзяўчына, - падзялілася сваёй марай Настасся.

"Гэта ўнікальная ручная праца"

Попыт на прадукцыю нашых герояў перавышае прапанаванне. Амаль усё яны гатуюць па перадзаказе. Кліенцкая база ўзнікла дзякуючы "сарафаннаму радыё". Настасся да ўсяго падыходзіць прафесійна: каб вырабляць сыры, яна скончыла школу ў лепшых сыраробаў Расіі, каб развіваць прадпрыемства - маскоўскую акадэмію эканомікі і бізнесу. Усё ў яе разумна, прадумана.

- На лагатыпе нашага прадпрыемства - мордачка каровы ў выглядзе адпячатка пальца, што сведчыць аб наступным: наша прадукцыя - гэта ручная праца, унікальная, як адпячатак пальцаў. У нас поўны цыкл - ад каровы да сыру. Мы гадуем жывёл часам з іх нараджэння, - гаворыць з гонарам Настасся.

Вядома, можна было б купляць малако ў іншых і толькі вырабляць сыры, але для маладзечанскіх фермераў якасць сыравіны на першым месцы. І толькі ствараючы сваімі рукамі, яны могуць быць упэўнены: прадукцыя атрымаецца вышэйшага сорту.

- Здаём на лабараторныя даследаванні, хоць і самі правяраем на мастыт, радыялогію, наяўнасць антыбіётыкаў. Мы сваіх кароў песцім. І ўважліва падбіраем іншыя інгрэдыенты для сваіх малочных прадуктаў, - расказваюць фермеры.

Бізнес хоць і прыносіць Аляксандру і Настассі радасць, але даецца складана: за тры гады было ўсяго паўтара выхаднога дня, а на сон пакуль не атрымліваецца знайсці больш за чатыры гадзіны ў суткі. Спадзяюцца, што калі знойдуць памочнікаў - сыраробаў і даглядчыка жывёлы, то стане лягчэй. Пакуль у іх невялікай камандзе ёсць бухгалтар, менеджар па продажах, кур'ер-вадзіцель і прыбіральшчыца, якія падзяляюць каштоўнасці фермерскай сям'і.

- Калі развіваеш свой бізнес, усе забавы адыходзяць на другі план, таму што прыярытэты іншыя. Няма часу нават гаварыць па тэлефоне доўга - ты ўвесь час вучышся, займаешся самаразвіццём. Калі ўжо зусім сіл няма, прашу Аляксандра "выгуляць мяне" куды-небудзь у горад, - усміхаецца Настасся і дапаўняе: - заўсёды чымсьці даводзіцца ахвяраваць.

Нягледзячы на ўсе складанасці, на пакутнікаў гэта маладая пара ніяк не паходзіць - толькі на шчаслівых і паспяховых людзей. Адкуль яны чэрпаюць энергію?

- Моцны матыватар - ты сам, - прызнаецца Настасся. - Нават самы ўмелы настаўнік не ўкладзе ў цябе любоў да справы. Але ўнутры кожнага ёсць дзіця, якое хоча тварыць, і менавіта яно дае энергію. Яшчэ важна разумець, што гэта нармальна, калі не ўсё адразу атрымліваецца. Трэба спакойна прызнаваць паражэнні, прадаўжаць ісці наперад, не апускаць рукі.
Як ісці наперад, не апускаючы рук, нават калі здаліся іншыя, Настасся ведае лепш за многіх. Яна тройчы вучылася хадзіць, апошні раз - у 19 гадоў. З-за халатнасці ўрачоў маленькая Насця заразілася залацістым стафілакокам, інфекцыя трапіла ў тазасцегнавы сустаў і амаль цалкам яго разбурыла. Дзяўчынка шэсць гадоў правяла ў гіпсе, потым у апараце Елізарава, цярпела моцны боль. Добра, што побач была любячая мама, якая чытала казкі і дапамагала рашаць задачкі па матэматыцы.

- Урачы да гэтага часу спрабуюць пасадзіць мяне ў інвалідную каляску, - расказвае Настасся.

Яна глядзіць на мяне яснымі вачамі, і я разумею, што інваліднай калясцы не бываць. Бо такое неймаверна моцнае ўнутранае дзіця ў гэтай дарослай жанчыны, двойчы мамы, кахаючай жонкі, сырароба... І яно ёй дапамагае ва ўсім станавіцца пераможцай!

Беларусь - малочная краіна і сёння ў свеце займае лідарскія пазіцыі па экспарце масла, сыроў, таму з боку маладзечанскіх фермераў было смела заявіцца нават на айчынным рынку са сваёй прадукцыяй.

- Так, мы ўступілі ў нішу, дзе ў нас шмат калег і вялікая канкурэнцыя, - прызнаецца Настасся. - Але мы не раўнуемся на канкурэнтаў. Калі ты робіш сваю справу з любоўю, то спрабуеш рабіць не лепш за некага, а лепш за сябе ўчарашняга.

Адно з самых распаўсюджаных пытанняў да Настассі: чаму яна працуе без пальчатак? На што сырароб заўважае:

- У самага вядомага повара свету, у якога 32 зоркі Мішлен, няма ніводнай пары пальчатак. Ён гаворыць, што гэта - справа гонару і акуратнасці. Пальчаткі не спыняць повара або вытворцу дзе-небудзь сябе пачасаць. У пальчатках вельмі пацеюць рукі, пад імі збіраецца пот і хутка развіваецца патагенная мікрафлора. Без пальчатак ты адчуваеш усё лепш, а калі рукі сталі ліпкімі, бруднымі, іх лягчэй адразу вымыць. Мы працуем з гарачым сырным цестам, і латэкс (матэрыял, з якога вырабляюць пальчаткі) можа сыпацца на прадукты. У нашай справе важны чыстыя і без пашкоджанняў рукі, стрыжаныя ногці без лаку.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Святлана КІРСАНАВА,
газета "7 дней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі