Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 снежня 2019, 16:21

Пабудова надзейнай сістэмы бяспекі толькі сіламі дзяржавы немагчыма - Вакульчык

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пабудова надзейнай сістэмы бяспекі толькі сіламі дзяржавы немагчыма, важным аспектам з'яўляецца ўзаемадзеянне з дзелавой супольнасцю. Аб гэтым заявіў старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык сёння на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Бяспека і ўстойлівае развіццё: тэорыя і практыка ва ўмовах лічбавай трансфармацыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ўвесь свет разумее, што пабудова надзейнай сістэмы бяспекі немагчыма толькі сіламі дзяржавы, яе праваахоўных органаў і спецыяльных службаў. Важнейшым аспектам з'яўляецца ўзаемадзеянне з дзелавой супольнасцю. Інтарэс дзяржавы - у прыцягненні фінансаў, кваліфікаваных спецыялістаў, пашырэнні сувязей. У сваю чаргу прыватныя структуры маюць магчымасць удасканалення методык абароны і актуалізацыі праграмных прадуктаў", - сказаў Валерый Вакульчык.

Ён адзначыў, што глабальная лічбавізацыя змяняе свет на нашых вачах. Пры гэтым новыя тэхналогіі змяняюць характар сучасных пагроз, ставячы пад удар бяспеку ўсяго чалавецтва, адпаведна змяняецца і структура бяспекі. "Відавочна, што адэкватна рэагаваць на гэтыя выклікі і пагрозы можна толькі на аснове перадавых навуковых ведаў і тэхналогій. Прынцыповая пазіцыя Беларусі заключаецца ў комплексным падыходзе да вырашэння пытанняў, звязаных з пабудовай эфектыўнай архітэктуры бяспекі, што абумоўлівае неабходнасць далейшага пашырэння і паглыблення розных форм узаемадзеяння на нацыянальным і міждзяржаўным узроўнях", - падкрэсліў кіраўнік КДБ.

Валерый Вакульчык нагадаў, што Беларусь вылучыла шэраг міратворчых ініцыятыў, а Мінск рэгулярна становіцца пляцоўкай для правядзення міжнародных форумаў высокага ўзроўню па розных праблемах бяспекі. Беларусь паслядоўна развівае партнёрскія адносіны ў рамках ААН, СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, ШАС і АБСЕ.

"Адным з рэзерваў бяспекі, яшчэ не задзейнічаным у поўнай меры, з'яўляецца рэсурс аналітычных і экспертных супольнасцей, якія маюць унікальны даследчы патэнцыял. У Беларусі сфарміравалася дастойная школа аналітыкі, прадстаўленая супрацоўнікамі органаў дзяржкіравання і экспертамі недзяржаўных структур. Аднак асобныя напрамкі аналізу, перш за ўсё стратэгічнага, па розных прычынах знаходзяцца ў стадыі фарміравання", - заўважыў Валерый Вакульчык. На яго думку, перспектыўнай пляцоўкай і дзейснай формай узаемадзеяння паміж экспертамі і спецыялістамі ў галіне бяспекі з'яўляецца праводзімая ў Мінску канферэнцыя.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі сумесна з Інстытутам нацыянальнай бяспекі з 5 па 6 снежня праводзіць у Мінску VII Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Бяспека і ўстойлівае развіццё: тэорыя і практыка ва ўмовах лічбавай трансфармацыі". Пленарная сесія адкрыцця канферэнцыі адбылася сёння ў "Прэзідэнт-Атэлі" з удзелам кіраўніцтва КДБ, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, ІНБ Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД, Антытэрарыстычнага цэнтра дзяржаў - удзельніц СНД і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

У рабоце канферэнцыі прымаюць удзел больш як 450 дэлегатаў з 11 краін і восем міжнародных арганізацый (Антытэрарыстычны цэнтр дзяржаў - удзельніц СНД, Выканаўчы камітэт СНД, Выканаўчы камітэт рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Міжпарламенцкая асамблея дзяржаў - удзельніц СНД, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Парламенцкая асамблея Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, Сакратарыят Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі