Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лістапада 2024, 15:10

Па ўсёй краіне пачаліся пікеты па зборы подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў Прэзідэнты

7 лістапада, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Беларусі стартаваў збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў Прэзідэнты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Магілёве пікеты праходзяць у розных частках горада.
Для зручнасці гараджан пікеты размяціліся ў шматлюдных месцах. На плошчы Адзінства пакінуць свой подпіс за кандыдата прыйшла Юлія Несцерава з сынам. Жанчына падзялілася, што ніколі не застаецца ўбаку ад важных падзей у жыцці нашай краіны. "Прыйсці і пакінуць подпіс за свайго кандыдата, мне здаецца, важна для кожнага, бо мы нясём адказнасць за будучыню: сваю, нашых дзяцей, нашай дзяржавы, - сказала яна. - Я выбіраю для нашай краіны працвітанне і мірнае неба".

Аддаць свой подпіс за кандыдата прыйшла і Валянціна Уладзіміраўна Генесева. Жанчыне ўжо 72 гады, яна ніколі не прапускала электаральныя кампаніі і дакладна вызначыла для сябе, якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік дзяржавы. "Для мяне важна, каб чалавек, які ўзначаліць нашу дзяржаву, быў з вялікім жыццёвым вопытам, разумеў патрэбнасці сваёй дзяржавы і яе жыхароў. Ён павінен быць уладным, моцным і мудрым, быць гатовы адстойваць правы беларусаў і нашай дзяржавы,- адзначыла жанчына. - Я сама жыву ў сельскай мясцовасці, а там жыццё ад гарадскога адрозніваецца. І важна, каб наш лідар разумеў спадзяванні жыхароў вёскі. Прыемна адзначыць, што нашы праблемы ніколі не застаюцца толькі нашымі. Таму сёння я прыйшла сюды, каб выказаць сваё меркаванне і падтрымаць свайго кандыдата".

Да членаў ініцыятыўнай групы звярнуўся Сяргей Рыгоравіч Салаўёў. Мужчына падзяліўся, што яго жонка таксама хацела б выказаць сваё меркаванне, але стан здароўя не дазваляе ёй выйсці з дома. Аказалася, што магіляўчане жывуць зусім недалёка ад пікета, а таму частка ініцыятыўнай групы адправілася да жанчыны.

"Мне ўжо больш за 70 гадоў, я ніводныя выбары не прапускала, - падзялілася Лідзія Рыгораўна Салаўёва. - Муж збіраўся на пікет, узяў мой пашпарт, каб і за мяне подпіс паставіць. Але там усё растлумачылі: так нельга". Подпіс за свайго кандыдата жанчына пакінула непасрэдна дома. Падзялілася, што такі падыход - чалавечны і дбайны.

У Гродне, як і па ўсёй Беларусі, стартаваў збор подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Пікеты па зборы подпісаў праходзяць у абласным цэнтры. Як падзялілася гараджанка Наталля Раманенка, яна мэтанакіравана прыйшла на пікет, каб паставіць свой подпіс. "Я паставіла подпіс за мірную будучыню, за спакойны сон сваёй сям'і, сваіх дзяцей, за развіццё нашай адукацыі, за мірнае неба над галавой. За тое, каб мая сям'я была шчаслівая, а мы прадаўжалі жыць у нашай цудоўнай краіне", - сказала яна.

Жыхарка абласнога цэнтра Ларыса Даўгаполік эмацыянальна дзеліцца: "Я стаўлю свой подпіс за тое, аб чым спяваецца ў песні, якая цяпер гучыць: за неба чыстае і яснае, за мір. А яшчэ за адукацыю, за медыцыну, за ўсё, каб толькі ў нас усё было добра. Няхай не чапаюць нашу Беларусь, мы нікому нічога дрэннага не зрабілі. Мы любім і цэнім сваю Беларусь і мы за яе".

Студэнтка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, будучы інжынер-тэхнолаг адзначыла, што разам з сябрамі, гуляючы па горадзе, вырашылі пакінуць свае подпісы. "Важны этап пачаўся для нашай краіны, выбарчая кампанія ідзе ўжо актыўна. Я таксама вырашыла не заставацца ўбаку - паставіла свой подпіс за спакой, за развіццё навукі, адукацыі, за рост і развіццё вытворчасцей нашых, у цэлым - за тое, каб наша краіна заставалася сацыяльна арыентаванай", - сказала Яна Вайцюк.

Працэс збору подпісаў завершыцца 6 снежня 2024 года. Пікеты таксама арганізаваны ў сталіцы і іншых гарадах краіны.-0-

Фота Леаніда Шчаглова і Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі