Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 лістапада 2019, 17:20

Па слядах нарады ў Прэзідэнта: як у Беларусі зменіцца барацьба з наркотыкамі і ці магчыма памілаванне для асуджаных

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацоўваюць комплекс мер для больш эфектыўнага процідзеяння нарказлачыннасці. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З чаго ўсё пачыналася?

Каля пяці гадоў таму Беларусь накрыла хваля жудасных смерцяў падлеткаў ад спайсаў. Каб тэрмінова спыніць гэту страшную тэндэнцыю, у 2014 годзе ў краіне прынялі даволі жорсткія, але ў той жа час прагрэсіўныя меры барацьбы з нарказлачыннасцю. Яны былі замацаваны ў дэкрэце нумар 6 "Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў". Узмацненне жорсткасці пакарання за распаўсюджванне наркотыкаў і магчымасць працаваць на апярэджанне далі магчымасць змяніць сітуацыю, паставіць заслон на шляху распаўсюджвання спайсаў.

"Пагроза вельмі сур'ёзна нарастала, і кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне сабраць нараду, абмеркаваць усе магчымыя меры, якія трэба прымаць. З улікам усяго гэтага і быў падпісаны адпаведны дакумент, - расказаў Валерый Міцкевіч. - Мы пайшлі па шляху работы на апярэджанне: яшчэ недзе толькі прыдумалі новае рэчыва, а мы яго вельмі аператыўна ўключаем у спіс забароненых, і за яго распаўсюджванне ўжо прадугледжваецца крымінальная адказнасць".

У выніку за мінулыя пяць гадоў колькасць нарказлачынстваў скарацілася ў 1,5 раза, а учыненых з удзелам непаўналетніх - прыкладна ў 5 разоў. "Рашэнне Прэзідэнта прынесла свае вынікі. Наркапагроза была прыпынена, але нікуды не дзелася", - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Што цяпер?

На працягу пяці гадоў правапрымяняльную практыку ў краіне аналізавалі. Паводле слоў Валерыя Міцкевіча, у Адміністрацыю Прэзідэнта ўсе гэтыя гады паступала шмат зваротаў: як з боку асуджаных, так і ад людзей, чые сваякі пацярпелі або загінулі ад ужывання наркотыкаў. Пра ўсе выпадкі дакладвалася кіраўніку дзяржавы.

За гэтыя гады былі выяўлены новыя пагрозы і тэндэнцыі ў сферы барацьбы з нарказлачыннасцю, а таксама недахопы ў заканадаўстве. У канцы кастрычніка ўсё гэта абмеркавалі на спецыяльнай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. У выніку кіраўнік дзяржавы даручыў распрацаваць дадатковыя падыходы ў барацьбе з нарказлачыннасцю. "Да 1 студзеня 2020 года кропкі над "i" павінны быць расстаўлены", - падкрэсліў ён на нарадзе.

Валерый Міцкевіч растлумачыў, што стаіць задача арганізаваць больш аб'ектыўную ацэнку работы праваахоўных органаў. "Сёння мы вядзём статыстыку па колькасці зарэгістраваных злачынстваў, колькасці асуджаных, колькасці канфіскаванага рэчыва. Работа ацэньваецца па гэтых крытэрыях. А калі мы возьмем такія крытэрыі, як колькасць загінулых ад перадазіроўкі, колькасць непаўналетніх асоб, уцягнутых у наркаманію, то гэта больш сур'ёзныя і аб'ектыўныя крытэрыі. З іх трэба зыходзіць", - падкрэсліў ён.

Работа праваахоўнікаў павінна будавацца не на як мага большым затрыманні дробных збытчыкаў, а выяўленні значных каналаў пастаўкі наркотыкаў і лабараторый. Мэтай павінна быць не чарговая птушка ў справаздачы, а зніжэнне колькасці смяротных выпадкаў ад перадазіроўкі наркотыкаў.

Ці варта асуджаным чакаць памілавання?

"Зыходзячы з прынцыпу справядлівасці Прэзідэнт даручыў паглядзець, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Магчыма, людзі ўжо ўсвядомілі, зразумелі, што яны спатыкнуліся. Калі яны сталі на шлях выпраўлення, магчыма і ўмоўна-датэрміновае вызваленне, але пры пэўных умовах: калі гэтыя людзі сапраўды стануць на шлях выпраўлення, возьмуць на сябе абавязацельства ўладкавацца на працу або паступіць на вучобу", - расказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Паводле яго слоў, таксама магчыма памілаванне тых, хто "выпадкова спатыкнуўся". Аднак тут будзе індывідуальны падыход. "Калі сваякі возьмуць на сябе адказнасць за гэтых людзей, то гэта будзе адзін з крытэрыяў, па якім будзе прымацца індывідуальнае рашэнне аб памілаванні, - растлумачыў Валерый Міцкевіч. - Калі яны не скарыстаюцца гэтым шанцам і зноў возьмуцца за сваё, то, вядома, адказнасць будзе вельмі суровая".

Штогод у свеце ад наркотыкаў гінуць больш за 200 тыс. чалавек. Паводле ацэнак ААН, наркотыкі цяпер ужывае кожны дваццаты чалавек на планеце - прыкладна 250-300 млн чалавек. Колькасць смерцяў ад перадазіровак наркотыкамі ў Беларусі ў 14 разоў ніжэйшая, чым у Літве, і ў 72 разы ніжэйшая, чым у ЗША. Апошні выпадак гібелі падлетка ад перадазіроўкі адбыўся ў 2014 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі