Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 кастрычніка 2024, 16:02

НПЦ па земляробстве: замежныя селекцыянеры вязуць самае лепшае, але мы дастойна вытрымліваем канкурэнцыю

11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Замежныя селекцыянеры вязуць у Беларусь самае лепшае, але айчынныя сарты дастойна вытрымліваюць канкурэнцыю. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Сяргей Краўцоў, пасля таго як Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сваёй малой радзіме азнаёміўся з вынікамі эксперымента па вырошчванні кукурузы розных сартоў.

У аграрную галіну ў Беларусі традыцыйна ўкладваюцца вялікія грошы, адзначыў Сяргей Краўцоў. Да нас прыходзяць усе сусветныя фірмы па селекцыі і насенняводстве ўсіх сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца ў Беларусі, а іх 36 відаў. Каля 30 селекцыянераў з Еўропы, Амерыкі, з Расіі і іншых краін свету прывозяць у Беларусь свае сарты. "Гэта канкурэнцыя айчыннай селекцыі. Калі прыходзяць замежныя партнёры са сваімі сартамі, яны ж вязуць самае лепшае, правільна? Таму што ў нас матэрыяльна-тэхнічная база цалкам адпавядае базе замежных кампаній. Гэта значыць, нашы лабараторыі аснашчаны па апошнім слове тэхнікі, - падкрэсліў гендырэктар НПЦ. - На сённяшні дзень мы набываем тры прыборы, вельмі важныя, у тым ліку для кукурузы".

У Беларусі селекцыя кукурузы вядзецца ўсяго каля 20 гадоў. "І мы паказваем ужо дастойны вынік на палях рэспублікі. Яшчэ дваццаць гадоў таму не было сваіх айчынных гібрыдаў. На сённяшні дзень мы на 100 працэнтаў забяспечваем гібрыдамі айчынныя селекцыі менавіта кармавога напрамку, на сілас. Гэта немалаважна, таму што сілас не купіш. А нам трэба 10-20 млн т сіласу. Зерне можна прывезці, а такую вялікую колькасць сіласу не прывязеш. Сёння Прэзідэнт абазначыў, што беларускія сіласныя сарты ідэальна падыходзяць для ўмоў. Так, мы, можа, крыху адстаём па ўраджайнасці зерня ад імпартных сартоў, але мы над гэтым працуем", - растлумачыў вучоны.

Кукуруза заўсёды лічылася паўднёвай культурай, культурай Гомельскай вобласці, але цяпер яна дае высокі ўраджай нават у Віцебскай вобласці. "Таму тое, што да нас прыходзяць замежныя канкурэнты, для нас толькі плюс. Вучоны бачыць, як развіваецца селекцыя за мяжой. Яны нам перадаюць сарты, мы разбіраем іх гібрыды, тое, як яны растуць, як працуюць, і робім высновы. Потым ужо гэту практыку пераносім на свае сарты і распаўсюджваем", - расказаў гендырэктар.

Сяргей Краўцоў адзначыў, што Прэзідэнт сваім рашэннем зрабіў так, каб усе культуры выпрабоўваліся на адным полі - прэзідэнцкім. "Усе культуры там прайшлі з 2018 года: і ячмень, і збожжавыя, і рапс, і іншыя. Выснова зроблена - айчынныя з'яўляюцца канкурэнтамі заходніх, але трэба ўсюды захоўваць тэхналогію. Тэхналогія - галоўнае", - звярнуў ён увагу.

"Беларусь - аграрная краіна. Мы вельмі шмат удзяляем увагі аграрнай галіне і атрымліваем вельмі шмат экспартнага патэнцыялу. Перспектыва ў памеры $9 млрд экспарту прадуктаў харчавання па выніках гэтага года - значны вынік для маленькай краіны. Мала такіх краін, якія могуць пахваліцца тым, што намалацілі 10 млн т збожжа разам з кукурузай, гэта значыць больш за тону збожжа на чалавека", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі