Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 верасня 2020, 18:33

Новым старшынёй Беларускага саюза жанчын выбрана Алена Богдан

24 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Новым старшынёй Беларускага саюза жанчын выбрана намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Такое рашэнне было прынята ў час справаздачна-выбарчага пасяджэння праўлення БСЖ. Кандыдатуру новага кіраўніка саюза прапанавала Мар'яна Шчоткіна, якая на працягу пяці гадоў паспяхова ўзначальвала гэта грамадскае аб'яднанне.

Мар'яна Шчоткіна растлумачыла сваё рашэнне: "Час ідзе, і цяпер мы з вамі на парозе новага пяцігадовага перыяду развіцця краіны. Цяпер важна вызначыцца з новымі стратэгічнымі задачамі для БСЖ, які павінен прадоўжыць свае лепшыя традыцыі, укараняць новыя інавацыйныя падыходы, актыўна прысутнічаць у сацсетках. За гэты час мы выгадавалі цэлую плеяду жаночых лідараў. Вельмі важна, каб старшыня БСЖ мела магчымасць узаемадзеяння па ўсёй рэспубліцы і свабоду перамяшчэння. Калі вы даверылі мне старшынства, я была міністрам, потым намеснікам старшыні Савета Рэспублікі, і заўсёды была магчымасць сустрэцца і з пярвічнай, і з раённай, гарадской і абласной арганізацыямі. Без гэтага ўзаемадзеяння работа немагчыма. З лістапада 2019 года я працую кіраўніком Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, структурнага падраздзялення юрыдычнай асобы, што знаходзіцца ў Маскве, і, каб выехаць у рэгіёны, вядома, я гэта павінна ўзгадняць са сваім кіраўніцтвам".

Мар'яна Шчоткіна таксама звярнула ўвагу на тое, што наперадзе няпросты пяцігадовы перыяд, рэалізацыя новых праграм і задач. "Улічваючы старт нашай справаздачна-перавыбарнай кампаніі ў БСЖ і запланаванае правядзенне справаздачна-перавыбарнай канферэнцыі ў бліжэйшы час, якой павінны папярэднічаць такія ж кампаніі ў рэгіёнах, лічу, што гэтыя мерапрыемствы павінен каардынаваць новы старшыня БСЖ, які прадоўжыць работу як мінімум на наступныя 5 гадоў. Так фарміруецца палітыка адказных грамадскіх аб'яднанняў. У свой час Надзея Ермакова падзялілася са мной вопытам работы ў БСЖ, а цяпер я хачу парэкамендаваць вам чалавека неабыякавага, добрага, камунікабельнага і зацікаўленага ў развіцці БСЖ".

Мар'яна Шчоткіна станоўча ахарактарызавала кандыдатуру новага кіраўніка.

Кандыдатура Алены Богдан была падтрымана, і яна выбрана новым старшынёй Беларускага саюза жанчын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі