Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 сакавіка 2019, 19:32

Новыя памеры сутачных і правілы аплаты жылля - як зменіцца кампенсаванне расходаў у камандзіроўках

22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі змяніўся парадак і памеры кампенсавання расходаў пры службовых камандзіроўках. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 19 сакавіка 2019 года нумар 176, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

У прыватнасці, сутачныя пры камандзіроўках па Беларусі цяпер будуць складаць Br9 у суткі (раней Br3,5 пры аднадзённых камандзіроўках і Br7 - пры камандзіроўках больш за суткі).

Расходы па найме жылля ў абласных цэнтрах і Мінску вызначаны ў памеры Br50 у суткі, у раённых цэнтрах - Br25, у астатніх населеных пунктах - Br20 (без прадстаўлення пацвярджальных дакументаў). Калі расходы па найме перасягаюць гэтыя памеры, наймальнік кампенсуе іх на падставе пацвярджальных дакументаў, але не вышэй за кошт аднамеснага нумара ў гасцініцы пражывання.

Камандзіраванаму кампенсуюцца расходы па праездзе любым відам транспарту (акрамя таксі) па фактычным кошце білетаў.

Новаўвядзенні датычацца і камандзіровак за мяжу - павялічаны памеры сутачных у некаторыя краіны, а расходы па найме цяпер будуць кампенсаваць у вызначаных пастановай нумар 176 памерах без пацвярджальных дакументаў. Расходы па праездзе кампенсуюцца па любых тарыфах, за выключэннем тарыфаў бізнес-класа. "Разам з тым калі работнік накіроўваецца ў камандзіроўку за кошт прымаючага боку (прымаючы бок бярэ на сябе расходы, звязаныя з забеспячэннем харчавання і транспартам у межах месца камандзіравання), то выплата сутачных рабіцца не будзе, за выключэннем часу знаходжання ў дарозе. За час знаходжання ў дарозе сутачныя выплачваюцца ў памеры 100 працэнтаў ад устаноўленай нормы", - растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацабароны.

Наймальнік можа кампенсаваць работніку ў межах месца камандзіроўкі за мяжой расходы на таксі, арэнду аўтамабіля на падставе пацвярджальных дакументаў.

Важнае новаўвядзенне - калі работнік у месцы камандзіроўкі да яе пачатку і (або) пасля заканчэння ў асабістых мэтах у выхадныя або святы, то расходы па праездзе кампенсуюцца на агульных падставах, пры гэтым расходы па найме і сутачныя за гэтыя дні работніку не аплачваюцца.

Пры камандзіроўках па Беларусі і за мяжу пры адсутнасці праязных дакументаў (білетаў) да месца камандзіроўкі і (або) назад расходы па праездзе кампенсуюцца ў памеры 0,1 базавай велічыні ў кожны бок. "Не падлягаюць кампенсаванню расходы па набыцці праязных дакументаў (білетаў), якія прадастаўлены за кошт сродкаў прымаючага боку, а таксама, калі камандзіраванаму работніку прадастаўлены сродкі перамяшчэння або ён мае права бясплатнага праезду. У выпадку набыцця білетаў накіроўваючым бокам работніку не патрабуецца прадстаўляць наймальніку пацвярджальныя дакументы", - расказалі ў Мінпрацы.

Асобна прапісаны правілы кампенсавання расходаў для вадзіцеляў, якія займаюцца міжнароднымі аўтамабільнымі перавозкамі. У прыватнасці, за час знаходжання ў камандзіроўцы, уключаючы час знаходжання ў дарозе, вадзіцелю-міжнародніку кампенсаванне расходаў па найме жылога памяшкання і сутачных робіцца за кожныя суткі ў выглядзе агульнай выплаты без прадстаўлення пацвярджальных дакументаў. За час знаходжання ў межах Беларусі аплата павінна складаць не больш за пяцікратны памер, але не менш за аднакратны памер сутачных па Беларусі, за час знаходжання за мяжой - да 150 еўра ўключна, але не менш як 25 еўра. Пры гэтым канкрэтны памер і парадак разліку агульнай выплаты вызначаюцца наймальнікам.

Як адзначылі ў Мінпрацы, дакументам выключана неабходнасць вядзення журнала ўліку работнікаў, якія выбываюць у камандзіроўкі. Таксама наймальніку прадастаўлена права вызначэння неабходнасці ўстанаўлення задання на камандзіроўку, пісьмовай справаздачы па выкананні задання, тэрміну яго прадастаўлення і парадку афармлення, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі