Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 жніўня 2020, 17:54

Новы радыёлакатар і 7 аўтаматычных метэастанцый пабудуюць у Беларусі да канца года

6 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Да канца года ў Беларусі пабудуюць сем новых аўтаматычных метэастанцый і запусцяць радыёлакатар у Брэсце. Аб гэтым сёння журналістам у час адкрыцця пад Гроднам новага доплераўскага метэаралагічнага радыёлакатара паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Будаўніцтва радыёлакатара - гэта чарговы этап рэалізацыі дарожнай карты па мадэрнізацыі метэаслужбы краіны на 2018-2020 гады. Такія аб'екты ёсць у Мінску і Гомелі, у 2019 годзе лакатар пачаў працаваць у Віцебску. У гэтым годзе таксама запланаваны ўвод новага аб'екта ў Брэсце. Гэта дасць магчымасць стварыць у краіне адзіную сетку радыёлакатараў. Акрамя таго, да канца года будзе завершана мадэрнізацыя камунікацыйных сетак, абнаўленне камп'ютарнай тэхнікі.

"Эканоміка, ды і ў цэлым жыццё краіны залежаць ад своечасовага і якаснага прагнозу і папярэджання. І новы аб'ект - чарговы крок на шляху да гэтага. Раней гідраметэаралагічная служба была, шчыра кажучы, у нездавальняючым стане, аб'ектыўна крытыкавалася грамадскасцю. Прагноз надвор'я і іншыя прадукты Белгідрамета былі не самыя якасныя. Па даручэнні Прэзідэнта і з яго падтрымкай у 2018 годзе пачалася мадэрнізацыя структуры. Закранула яна ўсе аспекты - ад падрыхтоўкі кадраў, стварэння дастойных умоў для іх працы да абнаўлення абсталявання", - расказаў Андрэй Худык. Ён падкрэсліў: за апошнія гады якасць прагнозу надвор'я значна ўзрасла, а метэаслужба краіны цяпер адна з лепшых на постсавецкай прасторы.

Павысіць якасць прагнозу дапамагло і пашырэнне сеткі метэаралагічных станцый. У 2017 годзе іх па краіне было 38, пры гэтым толькі палавіна была аўтаматычнымі. Да канца гэтага года колькасць станцый узрасце да 70, прычым усе будуць працаваць у аўтаматычным рэжыме.

Сёння пад Гроднам адкрыўся аўтаматызаваны комплекс, які дазваляе ў рэжыме рэальнага часу адсочваць метэаралагічную абстаноўку. Новы аб'ект дапаможа палепшыць якасць маніторынгу і выяўлення неспрыяльных метэаралагічных з'яў, ацаніць іх ступень, інтэнсіўнасць і хуткасць перамяшчэння, а значыць, і загадзя папярэдзіць аб небяспецы. Апрацоўка атрыманых даных дасць магчымасць сіноптыкам будаваць метэаралагічныя карты небяспечных з'яў надвор'я, вышыні верхняй мяжы воблачнасці, сум і інтэнсіўнасці ападкаў, наяўнасці зон турбулентнасці і абледзянення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі