ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 28 студзеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 лістапада 2019, 17:55

Новы нацыянальны план па забеспячэнні гендарнай роўнасці распрацоўваецца ў Беларусі

Ірына Касцевіч
Ірына Касцевіч

27 лістапада, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Новы нацыянальны план па забеспячэнні гендарнай роўнасці распрацоўваецца ў Беларусі. Рэалізацыя яго пачнецца ў 2020 годзе, паведаміла журналістам у час адкрыцця Трэцяга міжнароднага форуму жанчын-лідараў у Гродне міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Форум - адна з пляцовак для абмеркавання магчымых палажэнняў новага нацыянальнага плана дзеянняў. Форум накіраваны на садзейнічанне гендарнай роўнасці, жаночаму лідарству і праводзіцца для таго, каб дапамагчы жанчынам максімальна знайсці сябе ў грамадска карыснай працы, грамадска-палітычным жыцці.

"Нам ёсць аб чым гаварыць у гэтых тэмах. Прайшлі выбары, і мы бачым станоўчую дынаміку. У мінулае скліканне Палаты прадстаўнікоў сярод дэпутатаў было каля трэці жанчын, а сёння сярод дэпутацкага корпуса ўжо 40 працэнтаў прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва. У гэтым плане мы адны з лідараў, бо сярэднесусветны паказчык колькасці жанчын сярод парламентарыяў крыху большы за 24 працэнты", - расказала Ірына Касцевіч.

Яшчэ адна тэма форуму прысвечана балансу сям'і і работы ў жыцці жанчын. "Гэта сур'ёзнае пытанне, якое закранае кожную. У плане сямейнага жыцця на хатнюю работу, выхаванне дзяцей, догляд пажылых жанчыны трацяць у два разы больш часу, чым мужчыны. Цяпер важна знайсці ўмовы, механізмы, магчымасці для таго, каб жанчына не на шкоду сям'і або рабоце рабіла тое, на што яна нацэлена сама", - падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Беларусь паслядоўна рухаецца ў гэтым напрамку. Прыкладам могуць служыць нормы, прадугледжаныя ў Працоўным кодэксе, што ўступае ў сілу ў канцы студзеня 2020 года. Размова, перш за ўсё, аб водпуску на 14 дзён для бацькі па доглядзе дзіцяці на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння.

"Важна, каб, як толькі дзіця з'явілася на свет, маці і бацька разам займаліся яго выхаваннем. Не трэба блытаць гэту норму з водпускам па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Тут таксама дадзена права бацьку, калі маці хоча працаваць, забяспечваць догляд", - адзначыла Ірына Касцевіч. Важны і механізм дыстанцыйнай работы, які ўкараняецца ў краіне. Ён больш актуальны для жанчын, каб, напрыклад, забяспечваючы догляд дзіцяці, яна не страціла кваліфікацыю, змагла дыстанцыйна навучацца і нават працаваць, фарміруючы дадатковы даход сям'і.

Паводле слоў выконваючай абавязкі начальніка аддзела дэмакратычнага кіравання і гендарных пытанняў БДІПЧ АБСЕ Айлы ван Хеель, супрацоўніцтва ў пашырэнні правоў жанчын выходзіць на рэгіянальны ўзровень, бо вельмі шмат рашэнняў, якія ўплываюць на жыццё грамадства, прымаецца менавіта на месцах. "Мы супрацоўнічаем з усімі краінамі па пытаннях гендарнай роўнасці, у тым ліку з Беларуссю. На працягу апошніх гадоў сумесна працуем над расшырэннем сеткі актыўнасці жанчын-лідараў, выхавання маладых жанчын-лідараў для далейшага больш актыўнага ўдзелу іх у грамадска-палітычных працэсах", - сказала яна.

Форум праводзіцца трэці раз. Упершыню яго прымае не сталіца, а рэгіён. Пляцоўкай для правядзення стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы. Ірына Касцевіч падкрэсліла, што выбар месца правядзення невыпадковы: актуальныя пытанні гендарнай роўнасці неабходна актыўна абмяркоўваць на ўсіх узроўнях. Тэмай для работы на форуме стала абмеркаванне ўніверсітэтаў ва ўмацаванні лідарства жанчын на мясцовым узроўні.

Трэці міжнародны форум жанчын-лідараў сабраў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і міжнародных арганізацый, бізнесу, грамадскіх аб'яднанняў, парламентарыяў, экспертаў у сферы гендарнай роўнасці. Арганізатарамі Форуму выступаюць Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Партнёрамі Форуму з'яўляюцца Гродзенскі аблвыканкам, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын", Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі, Савет Еўропы. Мерапрыемства праходзіць у ходзе рэалізацыі кампанента "Садзейнічанне жаночаму лідарству і ўдзелу жанчын у палітычным і грамадскім жыцці", прадугледжанага пагадненнем паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім саюзам аб фінансаванні інструмента тэхнічнага супрацоўніцтва (пастанова Савета Міністраў ад 9 верасня 2017 года нумар 680).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі