ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 8 жніўня 2022
Мінск Пераменная воблачнасць +21°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 снежня 2019, 17:07

Няхай здзяйсняюцца мары - Румас павіншаваў выхаванцаў дзіцячага дома "Сям'Я"

Сяргей Румас на свяце
Сяргей Румас на свяце

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прыняў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" і павіншаваў у Мінску выхаванцаў дзіцячага дома нумар 7 "Сям'Я" з надыходзячымі святамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У канцы снежня ўсе мы - дарослыя і дзеці - жывём прадчуваннем чароўнага свята. Мне вельмі прыемна знаходзіцца тут, - сказаў Сяргей Румас. - Спадзяюся, што адыходзячы 2019 год быў для вас шчаслівы. Нават калі былі нейкія непрыемныя моманты, хачу пажадаць, каб з апошнім боем курантаў яны адышлі ў нябыт".

Ён падкрэсліў, што такія мерапрыемствы па даручэнні Прэзідэнта праходзяць па ўсёй краіне, каб ні адно дзіця не было забыта і абдзелена ўвагай у пераднавагоднія дні.

Сяргей Румас выказаў асобныя словы ўдзячнасці выхавальнікам і выкладчыкам, пажадаў усім шчасця і здароўя. "Няхай здзейсняцца мары!" - сказаў Сяргей Румас. Ад імя ўрада ён уручыў кіраўніку ўстановы сертыфікат на сем планшэтных камп'ютараў. Дзеці таксама атрымалі салодкія падарункі з сімвалам 2020 года.

У дзіцячым доме для дзяцей створаны камфортныя ўмовы, яны выхоўваюцца ў дамашняй атмасферы. Тут няма груп. Дзяўчынкі і хлопчыкі розных узростаў, юнакі і дзяўчаты жывуць у сямі кватэрах - па 10 чалавек у кожнай. Пасля святочнага канцэрта прэм'ер-міністр пабываў у адной з іх, дзе ў час чаяпіцця пагутарыў з дзецьмі. Сяргею Румасу падарылі мастацкую кампазіцыю на тэму Новага года, зробленую ўласнымі рукамі. Дзяцей цікавіла, як дабіцца поспехаў у рабоце, як прэм'ер-міністр адзначае Новы год, куды ездзіць адпачываць у водпуск.

Дзіцячы дом размешчаны ў Кастрычніцкім раёне Мінска. Тут выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Першых жыхароў тут прынялі ў жніўні 2000 года. У кватэрах ёсць прыхожая з убудаванай мэбляй, гасціная, пяць жылых пакояў з двума ложкамі, кухня. Яны аб'яднаны комплексам сацыяльна-бытавых памяшканняў: харчаблок, пральня, медыцынскі блок, бібліятэка, трэнажорная зала, швейная майстэрня, універсальная, камп'ютарная зала, сэнсарны пакой.

"У выхадныя мы ездзім на экскурсіі, ходзім гуляць, выпякаем, робім салаты. Прыходзяць у госці родныя дзяцей", - расказала выхавацель адной з кватэр Надзея Атанасова.

На Новы год дзеці заказалі ў падарунак цацкі, хлопчыкі сярэдняга школьнага ўзросту - мячы, наборы лега, гульні, старэйшыя дзяўчынкі - касметыку, прыгожы абутак, адзенне. "Галоўнае, чаго хочацца, - здзяйснення жаданняў. Веру ў навагодняе чараўніцтва", - прызналася адна з выхаванак Вераніка Каныш. Дзяўчына хоча ў будучым паступіць у лінгвістычны ўніверсітэт, вывучаць замежныя мовы. У час свята яна зачытала ўласныя вершы.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 9 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем. Да дабрачыннай акцыі таксама далучыліся грамадскія аб'яднанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі