Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 снежня 2019, 15:12

Няхай усё атрымаецца - Петрышэнка павіншаваў выхаванцаў Барысаўскага дома дзіцяці

24 верасня, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка прыняў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" і павіншаваў выхаванцаў Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці з надыходзячымі святамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Няхай снегу і няма, але ва ўсіх нас свята на душы. Хутка Новы год, кожны з вас загадае жаданне, і няхай усё спраўдзіцца, - сказаў Ігар Петрышэнка, звяртаючыся да дзяцей. - Вы такія прыгожыя, таленавітыя. Няхай усё атрымаецца!"

Павіншаваў віцэ-прэм'ер і супрацоўнікаў дома дзіцяці. На яго думку, ва ўстанове працуюць па патрабаванні сэрца, і толькі тыя, хто здольны дзяліцца дабрынёй. "Дзеці цудоўныя, а з імі працуюць добрыя ўрачы, педагогі, нянечкі і іншыя спецыялісты. Тут створаны ўсе ўмовы, ёсць якасная матэрыяльна-тэхнічная база. Але галоўнае - гэта дабрыня і шчырасць людзей. Яны забяспечваюць камфорт і ўтульнасць усім тым, хто часова апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Але нягледзячы на любы камфорт, дзецям усё роўна лепш дома. "Ёсць яшчэ шанц у бацькоў, якія зрабілі памылку, усё выправіць. Заклікаю іх, каб яны вярнуліся за сваімі дзецьмі, якія цяпер жывуць у нашых дзіцячых дамах. Паверце, вашы дзеці самыя прыгожыя, самыя шчырыя і самыя дастойныя. Няма нічога цяплейшага за любоў маці і бацькі", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Усім дзецям былі ўручаны падарункі. У адказ хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі сувеніры - сваімі рукамі змайстравалі маленькіх снегавікоў. А яшчэ спявалі навагоднія песні, расказвалі вершы, танцавалі каля ёлкі.

Барысаўскі спецыялізаваны дом дзіцяці - дзяржаўная лячэбна-прафілактычная, рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Тут выхоўваюцца дзеці ад нараджэння да трох гадоў. За гэты год праз дом дзіцяці прайшлі 104 дзіцяці. Амаль 40 вярнуліся ў родныя сем'і, былі ўсыноўлены або трапілі ў прыёмную сям'ю.

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 9 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем. Да дабрачыннай акцыі таксама далучыліся грамадскія аб'яднанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі