Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 снежня 2019, 19:08

Нібыта пабываў у дзяцінстве: Ігар Сергяенка далучыўся да акцыі "Нашы дзеці"

24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка сёння далучыўся да рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", падарыўшы часцінку цеплыні, клопату і ўвагі выхаванцам дзяржаўнай установы адукацыі "Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер ва ўстанове навучаюцца больш за 90 дзяцей, з якіх 17 - сіроты. У 68 хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць розныя групы інваліднасці па зроку, прычым са спадарожнымі захворваннямі. Большасць дзяцей з Мінскай вобласці, у тым ліку 39 - з Маладзечна і Маладзечанскага раёна, але ёсць таксама навучэнцы з Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей.

Кіраўнік і педагогі школы-інтэрната сардэчна сустрэлі гасцей, сярод якіх быў не толькі Ігар Сергяенка, але і намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, і правялі па вучэбных аўдыторыях, жылых памяшканнях. Зазірнулі таксама ў спартыўную залу, інфармацыйны цэнтр, азнаёміліся з кабінетамі мультысэнсарнай стымуляцыі і біялагічнай сувязі (для карэкцыі і ўдасканалення функцый маўлення), даведаліся, як у "Доме савы" паляпшаецца каардынацыя і функцыі апорна-рухальнага апарату, а на скаладроме ўмацоўваюцца мышцы і сіла духу дзяцей. Як малюнкі на пяску, шарыкавы басейн, тактыльныя дарожкі дапамагаюць дзецям не толькі аднаўляць здароўе, але і паляпшаць настрой. Інакш кажучы, госці пераканаліся, што ўмовы для вучобы, развіцця і выхавання дзяцей дастойныя.

Абаяльны снегавік, пад касцюмам якога быў чацвёртакласнік Андрэй Верамейчык з Беразіно, з захапленнем паказваў гасцям, якія цудоўныя вырабы і навагоднія сувеніры падрыхтавалі выхаванцы ў "Майстэрні Дзеда Мароза". Для хлопчыка, пазбаўленага бацькоўскага цяпла, гэта школа ўжо трэці год замяняе дом і дае стымул тварыць і развівацца. "А яшчэ тут мае самыя лепшыя сябры. Тут я шмат чаму навучыўся і стаў лепшым", - прызнаўся хлопчык.

Дзякуючы ўдзелу ў розных праектах у школы-інтэрната з'явіліся інтэрактыўныя дошкі, ноўтбукі, мультымедыйны праектар у актавай зале, абнавіліся вучнёўская мэбля і спартыўны інвентар, абсталяваны тры кабінеты для карэкцыйных заняткаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, адрамантаваны школьны стадыён. І яшчэ многае - у планах, запэўніла дырэктар установы Наталля Глінская.

"Мяне ўразіла, - падзяліўся сваімі эмоцыямі ад убачанага Ігар Сергяенка. - Дзеці акружаны клопатам і ўвагай, створаны выдатныя ўмовы для вучобы і адпачынку, заняткаў спортам. І галоўнае - ёсць унікальны педагагічны калектыў, індывідуальны падыход да дзяцей, новыя методыкі. Гэта ўсё стварае атмасферу дома, у якім вы жывяце, развіваецеся, вучыце нямецкую мову, прычым на высокім узроўні, як я ўбачыў. І дабіваецеся поспехаў".

Як расказала Наталля Глінская, на базе дома-інтэрната арганізаваны рэсурсны цэнтр па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу дзяцей з парушэннямі зроку. Таксама тут навучаюць і сацыялізуюць слепаглухіх дзяцей. І педагогаў, якія тут працуюць, інакш, як чараўнікамі, не назавеш. Яны разумеюць, што асаблівых дзяцей трэба не празмерна апекаваць, а даваць ім веру ў сябе, свае сілы, дапамагаць адкрываць новыя гарызонты. Менавіта таму іх навучэнцы ў ліку лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Школа ганарыцца і 17 паралімпійскімі чэмпіёнамі. Урэшце, для кожнага дзіцяці - свае высокія дасягненні. Галоўнае - быць у грамадстве на роўных, атрымліваць прафесійную адукацыю, працаваць, улюбляцца, заводзіць сем'і.

Дарэчы, сярод выпускнікоў школы нямала тых, хто вяртаецца ўжо як настаўнік-выхавальнік. Напрыклад, музычны кіраўнік Уладзімір Зданкевіч. На свяце ён выканаў ролю добрага навагодняга чараўніка Дзеда Мароза, без якога музычна-тэатралізаваны паказ быў бы няпоўны. Разам з ім і дзецьмі і пачэсныя госці таксама развучвалі танцы, гулялі і вадзілі карагоды. "Я нібыта пабываў у дзяцінстве. Мне вельмі спадабалася. Вы стварылі настрой не толькі сабе, але і нам, дарослым. Кожны рыхтаваўся, як мог. Дзякуй за падарункі", - выказаў словы ўдзячнасці маленькім артыстам Ігар Сергяенка.

Ён і Іван Маркевіч таксама паспрабавалі сябе ў ролі чараўнікоў: школа атрымала сертыфікаты на інтэрактыўную панэль і шматфункцыянальны дыягнастычны прыбор аўтарэфкератометр. Але каштоўнасць гэтых рэчаў гасне перад увагай, якую госці ўдзялілі кожнаму выхаванцу школы-інтэрната, асабіста ў маленькія ручкі перадаючы ласункі і цацкі.

Неахвотна дзеці адпусцілі Ігара Сергяенку даць інтэрв'ю журналістам. Ён прызнаўся, што не першы раз удзельнічае ў акцыі "Нашы дзеці", ініцыяванай Прэзідэнтам і ўжо шмат гадоў праводзімай у кожным кутку Беларусі. "Наша задача - кіраўнікоў усіх узроўняў - забяспечыць будучыню нашым дзецям, якія ў гэтыя дні рыхтуюцца да свята з чаканнем навагодніх цудаў, - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - І гэта акцыя для тых дзяцей, якія больш за іншых маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі