Сцяг Чацвер, 17 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 чэрвеня 2025, 15:29

"Недатыкальных няма". Швед аб жорсткай і прынцыповай рэакцыі на карупцыйныя злачынствы

Андрэй Швед
Андрэй Швед
24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэакцыя на карупцыйныя злачынствы павінна быць жорсткай і прынцыповай, адзначыў у каментарыі журналістам генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед перад пасяджэннем Рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, на якой будзе разгледжана пытанне эфектыўнасці прымаемых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі мер па процідзеянні карупцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усім відавочна, што чыноўнік, які заграз у карупцыі, які думае толькі аб нажыве, не будзе абараняць дзяржаву. Ён не будзе думаць аб простых людзях", - сказаў Андрэй Швед, адзначыўшы, што такія праявы патрабуюць, як адзначаў Прэзідэнт, жорсткай, прынцыповай рэакцыі.

Генпракурор указаў на адсутнасць недатыкальных. Да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. "І міністры, і намеснікі міністраў, і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў", - удакладніў ён, дадаўшы, што грамадства аб гэтым інфармуецца.

"На жаль, сёння ў аператыўнай распрацоўцы знаходзяцца матэрыялы ў адносінах да такой катэгорыі асоб", - сказаў ён.Барацьба з карупцыяй з'яўляецца прыярытэтным напрамкам работы не толькі праваахоўных органаў, але і ўсяго грамадства, лічыць генпракурор. Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў той факт, што беларускія людзі атрымалі ў свой час вакцыну нецярпімасці да праяў карупцыі. "Наша задача з пункту гледжання ў тым ліку прафілактыкі - імунітэт грамадства беларускага, нецярпімасць падтрымліваць на самым высокім узроўні", - адзначыў Адрэй Швед.

Паводле яго слоў, апошнія некалькі гадоў узровень злачыннасці карупцыйнай накіраванасці знізіўся прыкладна на адну трэць. Выяўляецца ў сярэднім крыху больш за 1 тыс. злачынстваў, звязаных з карупцыяй. Да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца ад 820 да 850 службовых асоб у год.

Разам з тым аб самазаспакаенні размовы быць не можа, падкрэсліў генпракурор. Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, асобныя моманты ў рабоце як дзяржаўных органаў, так і праваахоўнага блока патрабуюць каардынацыі і ўстаранення.

Кіраўнік нагляднага органа звярнуў увагу на прафілактыку, адзначыўшы наяўнасць недахопаў у рабоце з падборам і расстаноўкай кадраў. На гэтыя пытанні звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы, падкрэсліў генпракурор.
Камісіі па процідзеянні карупцыі "недапрацоўваюць", прадоўжыў Андрэй Швед. "Мы канстатуем, што сёння часта работа гэтых камісій мае фармальны характар. Дарэчы, кожны пяты кіраўнік, які прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за карупцыю, сам быў закліканы процідзейнічаць карупцыі ў той ці іншай форме. Гэта наводзіць на пэўныя думкі", - сказаў ён.

Ёсць адзінкавыя факты, калі асоб, абвінавачаных у карупцыі, праз некаторы час у парушэнне закона зноў назначаюць на адказныя пасады, і гэтыя людзі зноў учыняюць злачынства. "Такія факты маюць месца. Гэта наводзіць на думку аб тым, што ў пытаннях падбору і расстаноўкі кадраў трэба наводзіць сапраўдны парадак", - упэўнены генпракурор.

Андрэй Швед адзначыў, што найбольшая колькасць злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ўчыняецца ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве, гандлі. Кіраўнікі адпаведных міністэрстваў і ведамстваў даложаць на Рэспубліканскай каардынацыйнай нарадзе, якія рэальныя меры прымаюцца. У Генпракуратуры між тым лічаць, што гэтыя меры яўна недастатковыя.Адзначаючы іншыя тэндэнцыі, генпракурор звярнуў увагу на тое, што формы і метады злачыннай дзейнасці ўдасканальваюцца. Усё часцей, паводле матэрыялаў крымінальных спраў, фігуруюць факты атрымання хабараў у крыптавалюце, з выкарыстаннем электронных кашалькоў. Злачынцы спрабуюць канспіраваць сваю дзейнасць, прымяняюць найноўшыя сродкі, у тым ліку шыфравання ў месенджарах. Але праваахоўныя органы заўсёды на крок наперадзе ў гэтым пытанні.

"Сёння, як правіла, мы робім упор на тое, каб вельмі аператыўна выкрываць злачынцаў. У параўнанні з папярэднімі гадамі хабарнікі, як правіла, выкрываюцца неадкладна. Іх злачынная дзейнасць не мае працяглага характару. Аднак і ў гэтым пытанні ёсць праблемы. Мы будзем абмяркоўваць з праваахоўнікамі неабходнасць удасканалення форм і метадаў выяўлення карупцыйных злачынстваў і іх спынення", - сказаў Андрэй Швед.

У цэлым сёння неабходна ўзварухнуць органы і дзяржулады і кіравання, і праваахоўны блок у гэтым напрамку: небяспека карупцыі была, ёсць і застаецца, асабліва ў святле падзей, звязаных са спробамі дзяржаўнага перавароту, звяржэння законнай улады, адзначыў кіраўнік нагляднага ведамства.

"Разам усе гэтыя пытанні - і прафілактыкі, і ўдасканалення форм і метадаў барацьбы з карупцыяй - будуць сёння разгледжаны. Будуць прыняты канкрэтныя рашэнні, накіраваныя на тое, каб разварушыцца самім і ўзварухнуць усіх астатніх", - рэзюмаваў Андрэй Швед.-0-

Фота Максіма Гучака
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі