Сцяг Пятніца, 11 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 чэрвеня 2025, 17:09

"Не проста фатаграфіі". Удзельніца медыяфоруму ў Гомелі аб выставе БЕЛТА і БСЖ "Жанчына. Вайна. Перамога"

6 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Здымкі фотавыставы Беларускага тэлеграфнага агенцтва і Беларускага саюза жанчын (БСЖ) "Жанчына. Вайна. Перамога", прадстаўленай на V Форуме медыйнай супольнасці Беларусі "Медыя сёння: фокус на праўду", які праходзіць у Гомелі, максімальна акунаюць у атмасферу ваенных гадоў. Такой думкай у размове з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася ўдзельніца медыяфоруму - фотакарэспандэнт газеты "Прыдняпроўская ніва" Юлія Марковіч.

Генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч нагадала, што выставу прэзентавалі ў мінулым годзе. У бягучым годзе экспазіцыю да 9 Мая пашырылі - акрамя чорна-белых фатаграфій з'явілася і каляровая падборка.
"Асноўная задача выставы - паказаць ролю жанчыны на вайне, пасля вайны. І на адкрыцці я гаварыла, і цяпер паўтару, што, вядома, не жанчына, не мужчына выйграе вайну. Выйграе нацыя, выйграе дзяржава. А роля жанчын надзвычайная. Яны і ваявалі, і аралі ў тыле, падтрымлівалі сваіх любімых на вайне, гадавалі дзяцей", - падкрэсліла генеральны дырэктар БЕЛТА.

Яна звярнула ўвагу: за кожным здымкам - цэлая гісторыя. Гаворачы аб тым, які кадр узрушыў больш за ўсё, Ірына Акуловіч падзялілася: "Па-першае, гісторыя Веры Кур'ян. Мы гэту фатаграфію ведалі ўсе: маленькая дзяўчынка схілілася над маці. Калі мы пачалі раскопваць гісторыю фатаграфіі (а на той момант усе думалі, што маці дзяўчынкі памерла), аказалася, што жанчына выжыла. Яна была да такой ступені знясілена, але калі вязняў канцлагера "Азарычы" эвакуіравалі, высветлілася, што маці дзяўчынкі яшчэ дыхае. Яна выжыла", - расказала Ірына Акуловіч.Генеральны дырэктар БЕЛТА падкрэсліла, што ў фотаздымках выставы шмат эмацыянальных гісторый. Экспазіцыя будзе пашырацца. "Новых гісторый знаходзім шмат. І пра іх трэба расказваць", - дадала Ірына Акуловіч.

Ледзь стрымліваючы слёзы, разглядала кадры выставы спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Узвышша" Аляксандра Дудзянкова. "Калі глядзіш на здымкі, датаваныя 1941-1945 гадамі, бачыш страх у вачах людзей, ахопліваюць невымоўныя эмоцыі. Якая нянавісць павінна быць у сэрцах людзей, каб забіваць жанчын, старых, дзяцей, каб асуджаць на тыя пакуты, якія адлюстраваны на здымках фотавыставы?" - задалася пытаннем журналіст.
"І мы ганарымся, што ў той вайне наш народ перамог. Дзякуючы сваёй стойкасці, мужнасці, веры ў Перамогу, у агульную справу. Перамог, каб мы сёння жылі ў міры, шчасці. І мы памятаем подзвіг нашых продкаў, нашых бацькаў, дзядуляў і прадзядуляў", - падкрэсліла Аляксандра Дудзянкова.

Яна звярнула ўвагу: тэма захавання гістарычнай памяці - адна з самых важных, першарадных у рабоце журналіста сёння. "У нашай рэдакцыі рэалізуюцца аўтарскія праекты, рубрыкі. Працуем і з моладдзю, сустракаемся на дыялогавых пляцоўках, у школах. Абавязкова ўзнімаем тэму захавання гістарычнай памяці і подзвігу беларускага народа ў гады вайны", - расказала журналіст.

"Глядзіш на сюжэт здымка, і пераносішся ў атмасферу. Эмоцыі счытваюцца з твару чалавека і максімальна перадаюць, акунаюць у тую атмасферу", - азнаёмілася з выставай фотакарэспандэнт газеты "Прыдняпроўская ніва" Юлія Марковіч.

"Гэтыя здымкі гавораць. Гэта не проста фатаграфіі. Яны гавораць аб той трагедыі, якую перажыў наш народ, аб тым, які каштоўны мір, аб тым, як важна яго берагчы", - пераканана ўдзельніца медыяфоруму.

Гомель і вобласць 5-6 чэрвеня прымаюць V Форум медыйнай супольнасці Беларусі "Медыя сёння: фокус на праўду". Ён сабраў амаль 1 тыс. удзельнікаў, сярод якіх прадстаўнікі дзяржаўных СМІ (рэспубліканскіх, рэгіянальных, ведамасных), ідэалагічнай вертыкалі краіны, прэс-службаў дзяржаўных органаў і арганізацый, блогасферы, а таксама эксперты ў сферы камунікацый.

У час форуму пройдзе і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў XXI Нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара", які адзначае лепшыя дасягненні ў беларускай журналістыцы.

Арганізатарамі медыяпадзеі выступаюць Міністэрства інфармацыі сумесна з Гомельскім аблвыканкамам пры падтрымцы вядучых рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.-0-

Фота Сяргея Халадзіліна
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі