Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2021, 16:36

"Не насцярожваць нас гэта не можа" - Вальфовіч аб ваеннай актыўнасці НАТА ўздоўж граніц Беларусі

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч адзначае наяўнасць рызык у выніку ваеннай актыўнасці ўздоўж граніц Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта тэма сярод іншых абмяркоўвалася на праведзеным пасяджэнні Савета бяспекі.

"Пачалося пасяджэнне Савета бяспекі з разгляду пытанняў і вывадаў з ацэнкі ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі, якая складваецца на сённяшні дзень вакол граніц Беларусі. На жаль, гэта абстаноўка пастаянна выклікае напружанне, нагнятаецца, - заявіў Аляксандр Вальфовіч. - Гэта зыходзіць з тых мерапрыемстваў, якія праводзяцца на тэрыторыі сумежных дзяржаў, перш за ўсё, аператыўнай і баявой падрыхтоўкі пад эгідай ЗША, блока НАТА, узброенымі сіламі сумежных дзяржаў. Не насцярожваць нас гэта не можа".

"Тая інтэнсіўнасць і колькасць мерапрыемстваў, вучэнняў, якія праходзяць на тэрыторыі сумежных краін, выклікаюць пэўныя ваенныя рызыкі. Не толькі ў глыбіні сумежных краін, але і паблізу граніц Беларусі. Толькі за апошні тыдзень адзначаны 25 вылетаў пілатуемай і беспілотнай разведвальнай авіяцыі ўздоўж граніц Беларусі", - адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі.

Паводле яго слоў, таксама на тэрыторыі Польшчы на брэсцкім напрамку адзначаны дзеянні падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, якія займаліся вывучэннем падыходаў да дзяржаўнай граніцы, яе праходу. "Ацэнка, разведка. Вядома, гэта ўсё не можа не выклікаць трывогі", - адзначыў ён.

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што беларускімі ведамствамі ўсе гэтыя пытанні прасочваюцца і аналізуюцца, выпрацоўваюцца адэкватныя меры рэагавання. Перш за ўсё яны звязаны з аховай і ўзмацненнем дзяржаўнай граніцы, работай у пунктах пропуску, узмацненнем баявога дзяжурства па проціпаветранай абароне і іншымі мерапрыемствамі, якія прызначаны забяспечыць ваенную бяспеку краіны.

Адказваючы на дадатковыя пытанні журналістаў, дзяржсакратар Савета бяспекі ўдакладніў, што колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА на тэрыторыі суседніх дзяржаў за апошнія прыкладна 5 гадоў павялічылася з 25 тыс. да 40 тыс. Яны размяшчаюцца на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Латвіі. Час, на працягу якога могуць быць прыменены гэтыя іслы, - каля 6 гадзін. І нават менш, улічваючы батальённую тактычную групу, якая знаходзіцца ў Літве, на тэрыторыі ваеннага палігона Пабрадэ за 15 км ад дзяржаўнай граніцы з Беларуссю. Акрамя таго, да 10 баявых самалётаў у пастаяннай гатоўнасці да вылету і прымянення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі