Сцяг Аўторак, 16 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 ліпеня 2024, 11:05

"Не мы гэта месца выбралі - яно нас". Гаспадары хутара ператвараюць занядбаны сад у райскі

11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўныя славутасці хутара сям'і Астравухаў з Валожыншчыны - стары сад з вельмі рэдкімі сартамі яблыкаў і табун коней палескай пароды. Адмовіўшыся ад гарадской мітусні, муж і жонка вучацца ў прыроды жыць няспешна, але пры гэтым паспяваць спраўляцца з усімі справамі і заўважаць прыгажосць ва ўсім.

З першага разу знайсці гэты хутар складана. Навігатар не дапаможа - сетка ў гэтых мясцінах дрэнна ловіць. У выніку невялікі драўляны паказальнік "Райскі сад", які схаваўся ў густой і мокрай ад дажджу зелені каля палявой дарогі, мы праскочылі. Атрымалася сімвалічна: шлях да райскага саду і для сям'і Астравухаў у свой час быў звілісты і няпросты. Але гэта мясціна была вартая ўсіх пошукаў. Тут лёгка паверыць у шырокавядомае меркаванне: шчасце любіць цішыню. Напэўна, таму гэты хутар выбралі для сябе Аксана і Андрэй, хоць у час размовы ні раз абодва запэўнівалі: "Не мы гэта месца выбралі, а яно нас".

У сям'ю іх аб'яднаў менавіта сад, лічаць муж і жонка. Першай пад яго чары падпала Аксана, якая прыехала ў госці да знаёмых і залюбавалася майскай квеценню. "У гэтым садзе я зведала дзіўнае пачуццё цеплыні, нібыта мяне абнялі, як мама ў дзяцінстве. І ў той жа час здавалася, што гэты сад - кінутае дзіця", - прыгадвае яна.

Вярнуўшыся дадому, Аксана падзялілася сваімі эмоцыямі з Андрэем, які ў той час шукаў справу даспадобы. Хацеў знайсці аднадумцаў, каб разам ствараць нешта карыснае і патрэбнае. "Я выказала меркаванне, што аб'яднальнай ідэяй можа стаць сад. Андрэй задумаўся", - гаворыць яго жонка.

Невядома, колькі б яшчэ ідэя заставалася толькі ідэяй, калі б аднойчы Аксана не даведалася, што стары сад збіраюцца высякаць. Патэлефанавала Андрэю. Без доўгіх роздумаў яны вырашылі разам пасяліцца на зямлі з вялізным садам.

Жыццё сям'і Астравухаў на хутары пачалося ў экстрэмальных умовах - да асенніх халадоў Аксана і Андрэй жылі ў палатцы, пакуль не пабудавалі часовае збудаванне. Галава сям'і ўспамінае: нічога не разумеў у будаўніцтве, але хацеў пабудаваць дом сваімі рукамі. Гэта быў для яго выклік. "Спачатку складана, але паціху інтуітыўна адкрываецца, - дзеліцца Андрэй. - Калі ўмовы экстрэмальныя, хуткасць мыслення хутчэйшая". Для будаўніцтва рабіў саман - састаў з саломы, пяску, гліны, вады і зямлі. Атрымліваецца экалагічна чысты і вельмі моцны матэрыял.

Коні ў іх гаспадарцы з'явіліся на тым этапе, калі збіралі грошы на пакрыццё для даху. Гэта купля ў пэўным сэнсе была спантаннай: знаёмыя расказалі, што ў Лунінцы распрадаюць рэдкую пароду - палескую. Андрэй і Аксана вырашылі, што трэба тэрмінова сабраць грошы. Спачатку купілі 14 коней. Сёння іх у табуне ўжо 19. "У нас больш жарабцоў, чым кабыл, але менавіта кабылы ў табуне галоўныя. Тут матрыярхат: куды кабыла, туды і астатнія коні ідуць. Ёсць альфа-самец, ёсць гарэмшчык - ён уціхамірвае маладых самцоў, якія пачынаюць біцца, дзяліць самку. Чорны вараны сочыць за бяспекай табуна - калі ўбачыць ваўка або сабаку, да яго бягуць на дапамогу яшчэ некалькі жарабцоў. У час начоўкі ёсць вартавы, па чарзе дзяжураць", - дзеліцца Андрэй сваімі назіраннямі.

Іх табун у вольным выгуле. У распараджэнні коней 60 гектараў зямлі і частка саду. Спецыяльна для іх сям'я Астравухаў сёлета засеяла 15 га травы. Андрэй прызнаецца, што ў коней яны толькі ўкладваюць - прыбытку няма ніякага. Але запэўнівае, што табун дае больш, чым грошы. "Я навучыўся ў коней даверу, упэўненасці ў сабе, адстойванню межаў: падлеткі ў табуне заўсёды правяраюць, што ім дазволена - зусім як у людзей. Коні добра адчуваюць настрой чалавека і нядзіўна, што, пасля ўзаемадзеяння з імі аднойчы, сюды імкнуцца прыехаць зноў", - упэўнены Андрэй.

Аксана і Андрэй Астравухі - героі нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы пабывалі ў іх садзе, дзе растуць рэдкія для нашай краіны сарты яблыкаў, і даведаліся, чаму на гэты хутар так любяць прыязджаць цэлымі сем'ямі.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачыма простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі