Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лютага 2021, 09:00

Названы пераможцы праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі"

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вызначаны пераможцы 10-га сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк, гэты дзень праляцеў як адно імгненне. "Але яму папярэднічалі многія дні, месяцы і, магчыма, нават гады падрыхтоўкі. Упэўнены, што для кожнага з вас гэта гістарычная падзея. Хтосьці сёння набыў новых сяброў, хтосьці нешта вельмі важнае для сябе пачарпнуў, хтосьці навучыўся нечаму новаму. Але самае галоўнае, разам мы пачынаем рэалізацыю многіх вельмі яркіх ідэй, - сказаў ён. - Вы дакладна і з веданнем справы адказвалі на ўсе пытанні. Вы з'яўляецеся патрыётамі, што сёння вельмі важна. Сапраўдны прафесіянал і сапраўдны патрыёт - гэта чалавек, які робіць сваю справу толькі на "добра" і на "выдатна".

Першы сакратар ЦК БРСМ падкрэсліў: 10 гадоў праекту - гэта не кропка. "Мы прадаўжаем рухацца далей і развіваць наш праект "100 ідэй для Беларусі", але толькі разам з вамі. Таму што мы адзіныя. А ў адзінстве наша сіла", - сказаў ён на заканчэнне.

У намінацыі "Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка" тры пераможцы. Гэта Ганна Бандаровіч з праектам "Стварэнне мультыпараметрыйнага комплексу для сэнсарных секвенцый з мэтай актывізацыі міжпалушарных сувязей і карэкцыі рухальных дысфункцый рук у дзяцей са спастычнай формай дзіцячага цэрэбральнага паралічу". Лепшымі таксама сталі аўтарскі калектыў Яўгена Кавалёва, Сяргея Кірыленкі, Андрэя Філюсціна з праектам "Прымяненне смартфон-асісціраванай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці для перадаперацыйнага планавання", а таксама Юлія Кухарчык з праектам "Метад медыцынскай прафілактыкі невыношвання цяжарнасці ў жанчын са спалучанай гінекалагічнай паталогіяй: эндаметрыёз і міёма маткі ў рэпрадуктыўным узросце".

У намінацыі "Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія" лепшымі сталі Вераніка Шчур з праектам "Тэхналогія сінтэзу штучных генаў" і Андрэй Суміч з "Новым падыходам да атрымання мыйных сродкаў".

У намінацыі "Бія- і нанаіндустрыя" перамогу атрымаў праект "Біяпрэпарат Мультыфаг-С для аховы тамата ад бактэрыёзаў" Паліны Арлоўскай.

У намінацыі "Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў" перамаглі Таццяна Сіняўская з праектам "Птушыны дом" і Кацярына Зайцава з праектам "ЭкаТ" - экалагічна, эканамічна і практычна!".

У намінацыі "Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць" наймацнейшымі сталі Максім Кучвальскі з праектам "Дыягностыка маркера скрытага туберкулёзу", Мацвей Туравец з праектам "Фрутсы, джэркі, пасціла - здаровая і карысная ежа".

У намінацыі "Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць" перамаглі Алёна Станчык (праект "Гібкія сонечныя элементы новага пакалення") і Аляксандр Баковіч ("Сонечны канцэнтратар для вытворчасці цеплавой энергіі ва ўмовах замкнёнага водазабеспячэння").

У намінацыі "Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць" лепшымі з лепшых сталі аўтарскі калектыў Яўгена Харытонава, Сяргея Тамковіча, Александа Каменшчыкава з праектам "Шматфункцыянальная платформа, кіруемая аддалена "Арсі" і Арцём Новікаў з праектам "Novimatic Controller".

У намінацыі "Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі" перамаглі Максім Сувораў і Аляксандр Мяльгуй з "Адукацыйнай платформай "БМВ" і Рыгор Нікалаеў з праектам "Стварэнне генератыўнай спаборнай нейроннай сеткі для распрацоўкі інгібітараў ВІЧ-1".

У намінацыі "Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, ахова ад надзвычайных сітуацый" пераможцамі сталі Аляксандр Баранаў з праектам "Eco-Dark" і Міхаіл Рыжкоў з вогнетушыцелем Full Up.

У намінацыі "Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера" лепшымі сталі Кацярына Ярмалюк і Эльнур Адзілаў з праектам "Бранзалет клопату", а таксама Вячаслаў Афанасьеў і Ілья Завадскі з праектам "Выкарыстанне Android-дадатку ў рамках інклюзіўнай адукацыі".

Фінал 10-га сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі" прайшоў 24 лютага ў "Прэзідэнт-атэлі" ў Мінску. Пераможцаў у фінале вызначылі ў дзвюх узроставых групах (сярод навучэнцаў, студэнтаў і працоўнай моладзі) у 10 намінацыях.

Арганізатары праекта "100 ідэй для Беларусі" - БРСМ, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.-0-

Фота Аксаны Манчук

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі