Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лютага 2021, 16:50

Назначаны новы генеральны дырэктар "Белавія"

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральным дырэктарам авіякампаніі "Белавія" назначаны Ігар Чаргінец, які раней займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці. Ён змяніў на гэтай пасадзе Анатоля Гусарава, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе авіяперавозчыка.

"Перш за ўсё хачу адзначыць, што ўсе традыцыі, якія існуюць у "Белавія", застануцца нязменнымі. Яны былі выпрацаваны на працягу многіх гадоў і моцна замацаваліся ў жыцці кампаніі. Тым не менш мы будзем удзяляць асаблівую ўвагу далейшай лічбавізацыі і імкнуцца да ўкаранення перадавых сусветных практык. Мы плануем абнаўляць флот за кошт найноўшага пакалення Embraer 195-E2, вядзём падрыхтоўку па набыцці самага сучаснага Boeing 737-8. Да канца бягучага года плануем спыніць эксплуатацыю Boeing Classic. Несумненна, мадэрнізацыя паветранага парку будзе садзейнічаць пашырэнню сеткі маршрутаў, адкрыццю новых напрамкаў і павелічэнню пасажырапатоку. Я таксама ўпэўнены, што для эфектыўнай эксплуатацыі сучаснай тэхнікі неабходна і далей удзяляць асаблівую ўвагу падрыхтоўцы кадраў авіякампаніі, развіццю авіяцыйнага атрада, авіяцыйна-тэхнічнай базы, службы бортправаднікоў і іншых службаў і аддзелаў", - заявіў Ігар Чаргінец.

"Белавія" назаўсёды застанецца адным з самых значных этапаў у маім жыцці. 25 гадоў мы разам будавалі кампанію: укаранялі новыя паслугі, адкрывалі новыя напрамкі, мадэрнізавалі флот, дапамагалі людзям сустракацца са сваімі блізкімі і адкрываць для сябе новыя краіны, змянялі жыцці людзей. Супрацоўнікі "Белавія" з'яўляюцца прыкладам таго, што ў гэтым свеце няма нічога немагчымага, калі побач такая каманда", - сказаў Анатоль Гусараў.

Ігар Чаргінец нарадзіўся 6 чэрвеня 1967 года. Мае юрыдычную і авіяцыйную адукацыю. У "Белавія" працуе з моманту яе заснавання. Займаў розныя пасады ў авіякампаніі, з 2007 года быў намеснікам генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці.

Авіякампанія "Белавія" - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Створана 5 сакавіка 1996 года. З 1997 года з'яўляецца правадзейным членам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га - членам Асацыяцыі еўрапейскіх рэгіянальных авіякампаній (ERAA). Флот авіякампаніі цяпер налічвае 27 паветраных суднаў (дзевяць Boeing 737-800, два Boeing 737-500, тры Boeing 737-300, пяць Embraer 175, сем Embraer 195, адзін Embraer 195-Е2).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі