Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 красавіка 2021, 10:46

Навуковыя даследаванні дазволілі знізіць наступствы ўздзеяння радыяцыі пасля аварыі на ЧАЭС - вучоны

21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навуковыя даследаванні дазволілі знізіць наступствы ўздзеяння радыяцыі на чалавека пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аб гэтым заявіў дырэктар Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі Ігар Чэшык у час пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: меры па сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых тэрыторый".

"Для ацэнкі радыебіялагічных наступстваў катастрофы на ЧАЭС за мінулыя гады былі праведзены фундаментальныя навуковыя даследаванні, якія далі магчымасць устанавіць уплыў іанізуючых выпрамяненняў у розных дозах у бліжэйшыя і аддаленыя тэрміны. Праведзена ацэнка непасрэднага ўздзеяння існуючай радыеэкалагічнай абстаноўкі на важнейшыя сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістую, эндакрынную, абменныя працэсы. Акрамя таго, прапанаваны шэраг сродкаў, што зніжаюць змяненні ў арганізме і накопліванне ў ім радыенуклідаў. Распрацаваны рэцэптуры абагачэння гэтымі сродкамі хлебабулачных, малочных прадуктаў", - сказаў Ігар Чэшык.

Вырашэнне праблемы дозавых нагрузак на насельніцтва перш за ўсё звязана з комплексам сельскагаспадарчай аховы.

"За поставарыйны перыяд распрацаваныя беларускімі вучонымі ахоўныя меры далі магчымасць знізіць паступленне радыецэзію ў сельскагаспадарчую прадукцыю больш як у 20 разоў, - заявіў дырэктар інстытута. - Праблема зніжэння дозавых нагрузак на насельніцтва была найбольш вострай на працягу першых 10 гадоў пасля аварыі. Сёння яе можна назваць актуальнай толькі ў невялікай колькасці населеных пунктаў з павышанай шчыльнасцю забруджвання і пераважаннем тарфяных, пойменных і забалочаных пясчаных глеб".

"Навуковыя даследаванні па праблемах чарнобыльскай катастрофы сёння з'яўляюцца дастаткова запатрабаванымі, і ў многім дзякуючы ім зніжаны адмоўныя наступствы ўздзеяння радыяцыі на чалавека. Больш таго, гэтыя даныя ўнікальныя і могуць быць выкарыстаны ў міжнародным маштабе для ліквідацыі ядзерных аварый", - падкрэсліў вучоны.

На думку Ігара Чэшыка, многія задачы першачарговага парадку ў асноўным вырашаны. Далейшы прагрэс магчымы за кошт больш глыбокіх навуковых распрацовак, адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі