12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навуковыя арганізацыі Беларусі атрымаюць доступ да банка даных адоранай моладзі. Аб гэтым сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас маладзёжнага форуму "Шлях у навуку", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мінадукацыі вядзе банк даных адоранай моладзі. "Цяпер мы праводзім вялікую работу для таго, каб усе ўстановы не толькі адукацыі, але і навуковыя арганізацыі атрымалі доступ да гэтага банка даных. Таму ў мэтах прадаўжэння падпісанага сёння пагаднення з Нацыянальнай акадэміяй навук аб узаемадзеянні па забеспячэнні доступу да навуковых інфармацыйных рэсурсаў, мы рыхтуем яшчэ адно пагадненне. Згодна з ім усе акадэмічныя інстытуты змогуць атрымаць доступ да банка даных адоранай моладзі і персанальна запрашаць нашу таленавітую моладзь у навуку", - расказаў Андрэй Іванец.
Маладзёжны форум "Шлях у навуку" праходзіць сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 300 маладых вучоных, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў вядучых вышэйшых навучальных устаноў краіны, а таксама вучні школ, занятыя ў навукова-даследчай рабоце. Падчас форуму працуе выстаўка навукова-тэхнічных распрацовак, на якой прадстаўлены праекты маладых вучоных, выставачныя ўзоры электратранспарту, беспілотных лятальных апаратаў.
Мэта мерапрыемства, арганізатарам якога выступіў Савет маладых вучоных НАН, - актывізацыя ўдзелу моладзі ў адукацыйнай, навуковай і інавацыйных сферах, павышэнне эфектыўнасці і ініцыятыўнасці маладых вучоных пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама развіццё лідарскіх якасцей для рэалізацыі самастойных навуковых праектаў.-0-