Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 сакавіка 2023, 14:38

Навошта Беларусі народнае апалчэнне і ў чым яго прынцыповае адрозненне ад Расіі і Украіны. Меркаванне эксперта

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай у праекце "Па факце: рашэнні Першага" на YouTube-канале БЕЛТА расказаў аб прынцыповых адрозненнях народнага апалчэння, якое ствараецца ў Беларусі, ад аналагічных фарміраванняў у Расіі і Украіне.

Эксперт падкрэсліў, што ў Беларусі створана эфектыўная ваенная сістэма, аснову якой складаюць Узброеныя Сілы. Адна з частак гэтай сістэмы - тэрытарыяльная абарона, існуючая ўжо не адзін год."Цяпер з'явіўся яшчэ адзін элемент - народнае апалчэнне. Тут мы бачым практычную рэалізацыю ўсенароднага характару абароны Айчыны. Гэта патрабаванне самога жыцця. На прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі мы бачым, што і Расія, і Украіна звярнуліся да фарміравання народнага апалчэння", - заўважыў Андрэй Чарнабай. Ён прыгадаў, што ва Украіне, калі была пагроза страты Кіева, зброю раздавалі ўсім жадаючым, каб узмацніць воінскія часці. Прычым рабілі гэта без якога-небудзь уліку, таму сабраць яе цяпер вельмі складана, не выключана, што яна можа трапіць у рукі крымінальных структур.

"У прыгранічных абласцях Расіі (Курскай, Белгародскай) таксама было створана народнае апалчэнне для вырашэння пэўных задач, для ўзмацнення МУС, нацыянальнай гвардыі, Узброеных Сіл", - прывёў яшчэ адзін прыклад эксперт.

Пры гэтым ні ў Расіі, ні ва Украіне не створана прававая база адносна народнага апалчэння. "У Беларусі пайшлі іншым шляхам: мы спачатку правялі эксперыментальныя вучэнні, паглядзелі, як гэта працуе. Цяпер ствараем прававую базу пад стварэнне народнага апалчэння (распрацаваны праект адпаведнага закона. - Заўвага БЕЛТА). Потым будзем пры неабходнасці фарміраваць дружыны ў тых рэгіёнах, дзе гэта будзе неабходна", - растлумачыў Андрэй Чарнабай.

Гаворачы пра функцыі народнага апалчэння, ён адзначыў, што ў іх ліку - дапамога Узброеным Сілам у вырашэнні шэрага задач, МУС у забеспячэнні рэжыму ваеннага становішча. "Гэта і кантрольна-прапускныя функцыі, дапамога ў эвакуацыі грамадзян, барацьба з дыверсійнымі групамі праціўніка, - прадоўжыў ён. - Усё гэта будзе вызначана ў заканадаўстве: парадак фарміравання, узбраення, захоўвання зброі, патрабаванні да людзей, якія пойдуць у гэта апалчэнне".

На думку эксперта, актыўна падключыцца да работы па фарміраванні народнага апалчэння павінны дэпутаты мясцовых Саветаў - менавіта яны добра ведаюць людзей, якія жывуць на месцах, іх дзелавыя, маральныя якасці.

Андрэй Чарнабай звярнуў увагу, што апошнім часам абстаноўка вакол Беларусі, ды і ва ўсім свеце, дынамічна мяняецца, што патрабуе і ад нашай краіны прымаць своечасовыя меры, дзейнічаць на апярэджанне, улічваць узнікаючыя выклікі і пагрозы. У гэтым плане кіраўніцтва трымае руку на пульсе. У прыватнасці, прынята рашэнне абнавіць Нацыянальную канцэпцыю бяспекі. "Канцэпцыя, якая цяпер дзейнічае (2010 года), была добрая. Рабочая група, што яе фарміравала, змагла ўлічыць рызыкі, выклікі, пагрозы, якія магчымы для нашай дзяржавы, на сярэднетэрміновую перспектыву, - растлумачыў ён. - У Расіі такі дакумент прымаецца ў сярэднім раз у 6 гадоў (2009, 2015, 2021 гады). У Польшчы за апошнія 22 гады стратэгія нацбяспекі 6 разоў абнавілася".

"Зразумела, наспела неабходнасць абнаўлення канцэпцыі, нягледзячы на яе дасканаласць (яна была вельмі эфектыўная). Мы бачым, што вельмі шмат мяняецца. У той момант, калі распрацоўвалася канцэпцыя, не было ні падзей у Кыргызстане, Грузіі, Украіне (2014 год), ні пандэміі. Не было такога масіраванага санкцыйнага націску, які мы цяпер зведваем на сабе, - сказаў эксперт. - Інакш кажучы, з'явілася неабходнасць абнаўлення шэрага палажэнняў".

Асабліва, на яго думку, трэба ўлічваць пазіцыю ЗША адносна Расіі. У стратэгіі ж нацыянальнай абароны ЗША ставіцца задача абяскровіць у эканамічным, ваенным, тэхналагічным плане Расію. А Кітай пазіцыянуецца як канкурэнт, сапернік Штатаў. ЗША нацэлены на тое, каб на працягу 10 гадоў абысці Кітай. "Расія ідзе ў звязцы з Кітаем. ЗША бачаць Расію як саюзніка Кітая, які гатовы дапамагчы спіну абараніць. Як мы Расію абараняем на сваім флангу, так і Расія будзе абараняць Кітай, калі да гэтага дойдзе. Таму, на думку ЗША, трэба абяскровіць Расію, каб потым можна было свае ўмовы ставіць", - падкрэсліў Андрэй Чарнабай.-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі