Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 верасня 2020, 16:03

Нацыянальны цэнтр па медыяцыі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці плануецца адкрыць у Мінску

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны цэнтр па медыяцыі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці плануецца адкрыць у Мінску. Аб гэтым расказаў сёння на адкрыцці 61-й серыі пасяджэнняў Асамблей дзяржаў - членаў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.

Цэнтр плануецца стварыць пры садзейнічанні САІУ. "З кожным годам працэдуры альтэрнатыўнага вырашэння спрэчак становяцца ўсё больш папулярнымі ў нашай краіне, таму пашырэнне гэтага спосабу ўрэгулявання спрэчак з'яўляецца адным з прыярытэтаў у нашай рабоце, як і стварэнне сеткі цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый", - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

Ён адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ў пашырэнні ўзаемадзеяння з Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці ў напрамку больш актыўнага ўкаранення электронных сістэм па экспертызе заявак і кіраванні правамі на аб'екты права прамысловай уласнасці, а таксама сістэм, якія датычацца аўтаматызацыі працэсаў у сферы калектыўнага кіравання.

Старшыня ДКНТ таксама дадаў, што Беларусь развівае супрацоўніцтва ў галіне інтэлектуальнай уласнасці ў рэгіянальных эканамічных інтэграцыйных аб'яднаннях і ўзаемадзейнічае з патэнтнымі ведамствамі іншых дзяржаў. "Мы актывізавалі работу па далучэнні да Гаагскага пагаднення па прамысловых узорах. На гэты час праект адпаведнага закона, у якім улічаны рэкамендацыі экспертаў САІУ, знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе Беларусі", - сказаў ён.

У Беларусі дзейнічае шэсць спецыялізаваных законаў у адносінах да ўсіх аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, якія цалкам адпавядаюць сусветным стандартам. Краіна з'яўляецца ўдзельніцай 17 з 26 дагавораў САІУ. У 2019 годзе ў час афіцыйнага візіту генеральнага дырэктара САІУ Фрэнсіса Гары быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі