ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 12 мая 2021
Мінск Ясна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 сакавіка 2021, 15:51

Нацрэкорд і 7 медалёў: курсанты Універсітэта МНС выступілі на спаборніцтвах па гіравым марафоне

Фота МНС
Фота МНС

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спартсмены Універсітэта грамадзянскай абароны МНС выступілі на спаборніцтвах па гіравым марафоне, устанавіўшы нацыянальны рэкорд і заваяваўшы сем медалёў. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў афіцыйны прадстаўнік УГА МНС Андрэй Садоўскі.

"Нацыянальны рэкорд па гіравым марафоне ў практыкаванні "Штуршок гіры 16 кг на працягу адной гадзіны" ўстанавіў курсант факультэта тэхнасфернай бяспекі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Дзмітрый Аляксандраў на спаборніцтвах адкрытага кубка "Абаронца" па гіравым марафоне. Ён 1222 разы падняў пудовую гіру за ўстаноўлены прамежак часу. Папярэдні рэкорд 1150 пад'ёмаў належыць Ігару Аўраменку з Брэста", - расказаў Андрэй Садоўскі.

Акрамя таго, ва ўзроставай групе да 21 года Дзмітрый Аляксандраў стаў пераможцам гіравога "Трыятлона", дзе ўдзельнікам трэба было на працягу 15 мінут выканаць тры віды практыкавання - "Штуршок", "Рывок" і "Штуршок гіры па доўгім цыкле". На другім і трэцім месцах у гэтай узроставай групе курсанты МНС Сяргей Арцішэўскі і Ілья Зіноўеў, якія вучацца на факультэце папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Сярод дзяўчат ва ўзроставай групе да 29 гадоў медалі заваявалі курсанты факультэта тэхнасфернай бяспекі ўніверсітэта МНС: Лізавета Папко стала сярэбраным, а Валерыя Петрак бронзавым прызёрам спаборніцтваў.

Ва ўзроставай групе 40-49 гадоў сярэбраную ўзнагароду ў скарбонку каманды ўніверсітэта МНС прынёс старшы выкладчык кафедры пажарнай аварыйна-выратавальнай падрыхтоўкі ВНУ Уладзімір Дзям'янаў. У змешанай каманднай эстафеце спартсмены Універсітэта грамадзянскай абароны МНС заваявалі бронзу.

За папулярызацыю здаровага ладу жыцця, падрыхтоўку спартсменаў універсітэта МНС і асабістыя дасягненні ў гіравым марафоне Беларуская федэрацыя гіравога марафону прысвоіла званне "Эліта гіравога марафону" трэнеру зборнай выратавальнай ВНУ і дзеючаму спартсмену Уладзіміру Дзям'янаву, а званне "Майстар спорту Рэспублікі Беларусь па гіравым марафоне" - курсанту III курса факультэта тэхнасфернай бяспекі Дзмітрыю Аляксандраву.

Зборная Універсітэта грамадзянскай абароны МНС па гіравым спорце - пераможца і прызёр спаборніцтваў па дысцыплінах гіравога марафону рознага ўзроўню. Падрыхтоўкай спартсменаў займаюцца вядомы ў Беларусі асілак, выкладчык УГА Вячаслаў Харанека і старшы выкладчык кафедры фізічнай падрыхтоўкі і спорту Уладзімір Дзям'янаў.

У Беларусі гіравы марафон актыўна пачаў развівацца ў канцы 1990-х. Наша краіна сумесна з Расіяй і Францыяй стала ініцыятарам стварэння Міжнароднай федэрацыі гіравога марафону, штаб-кватэра якой базіруецца ў Ліёне. У 2016 годзе Мінск прымаў чэмпіянат свету па гіравым марафоне. У турніры прынялі ўдзел атлеты з 15 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі