Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лістапада 2019, 13:20

Нацкамісія па правах дзіцяці будзе практыкаваць выезды на месцы для вырашэння праблемных пытанняў

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на сістэмнай аснове вырашаюцца задачы па паляпшэнні становішча дзяцей, удасканаленні механізмаў рэалізацыі і аховы іх правоў, заявіў сёння на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прыняты адпаведны нацыянальны план дзеянняў, і дзякуючы такому падыходу краіна займае 53-ю пазіцыю сярод 189 дзяржаў у рэйтынгу па індэксе чалавечага развіцця. Праводзімая дзяржаўная палітыка дала магчымасць датэрмінова дасягнуць Мэт развіцця тысячагоддзя, разгорнута маштабная работа па дасягненні 17 Мэт устойлівага развіцця, рэалізуецца праект "Горад, дружалюбны дзецям" (да яго далучыліся 25 населеных пунктаў).

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што абарона законных інтарэсаў дзяцей з'яўляецца прыярытэтам у рабоце камісіі. На базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі працуе прыёмная камісія па правах дзіцяці, таксама плануецца практыкаваць выезды на месцы для вырашэння асобных праблем. У прыватнасці, міжведамасная група ў кастрычніку пабывала ў Карэліцкім раёне, сустрэлася з сям'ёй, дзе дзець больш за месяц не хадзілі ў школу.

"Члены Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці павінны праводзіць прыёмы не толькі ў Мінску, але і выязджаць у рэгіёны, самі ініцыяваць абмеркаванне праблемных пытанняў, працаваць на папярэджанне негатыўных сітуацый", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, асабліва непакояць факты насілля ў знешне паспяховых сем'ях. Ён лічыць неабходным неадкладна прымаць канкрэтныя дзеянні для недапушчэння такіх выпадкаў.

На сённяшнім пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці абмяркоўвалася справаздача аб выкананні раней дадзеных даручэнняў, а таксама прымяненне абноўленых крытэрыяў прызнання сямейнага недабрабыту (парадак устаноўлены з 1 лютага бягучага года). Так, у рэспубліцы дэталізаваны працэдура выяўлення сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей, дзейнасць кожнага дзяржаўнага органа, механізм узаемадзеяння. Прадугледжана магчымасць законным прадстаўнікам абскардзіць прынятае рашэнне. Разам з тым маніторынг практыкі, асобныя рэзанансныя факты сведчаць аб тым, што ёсць яшчэ над чым працаваць. "Мы павінны дэталёва абмеркаваць, якія нормы неабходна ўдакладніць", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Яшчэ адной тэмай пасяджэння стала абарона моладзі ад наркагандлю і спажывання наркотыкаў. Дарэчы, яна шырока абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Там адзначалася, што пры станоўчай дынаміцы зніжэння колькасці выпадкаў спажывання наркотыкаў, нарказлачынстваў праблема застаецца актуальнай.

"Мы павінны выпрацаваць канкрэтныя прапановы аб дадатковых практычных мерах па прафілактыцы сярод непаўналетніх распаўсюджвання і спажывання наркатычных сродкаў. Тут важна актыўная работа па антынаркатычнай прапагандзе ў сям'і, дзіцячым і маладзёжным асяроддзі, установах адукацыі, культуры, у СМІ і інтэрнэце", - сказаў Ігар Петрышэнка.

20 лістапада адзначаецца Сусветны дзень дзіцяці. Прынятая ў 1989 годзе Канвенцыя аб правах дзіцяці - першы і асноўны міжнародна-прававы дакумент, дзе правы дзіцяці сталі разглядацца на ўзроўні міжнароднага права. Далучыўшыся да канвенцыі ў 1990 годзе, Беларусь пацвердзіла прыхільнасць да ўдзелу ў глабальных працэсах па стварэнні спрыяльных умоў для жыцця, здароўя і развіцця дзяцей. У 1993 годзе ў краіне быў прыняты закон "Аб правах дзіцяці", у 1996 годзе створана Нацыянальная камісія па правах дзіцяці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі