Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2022, 12:30

Наступствы ўрагану, прыватызацыя, збор малака ў насельніцтва: Крупко правёў прыём грамадзян у Петрыкаве

18 мая, Петрыкаў /Кар. БЕЛТА/. Пытанні аб дапамозе ў аднаўленчых работах пасля ўрагану, збору малака ў насельніцтва, прыватызацыі жылля ўзнімалі сёння жыхары Гомельскай вобласці ў час прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян, якія правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко ў Петрыкаўскім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Жыхарка вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна ў тэлефонным званку паскардзілася: ураган, які прайшоў 12 мая, нанёс ёй вялікую шкоду. "Вецер сарваў дах на доме, на хляве, паламаў металапрофільную агароджу", - пералічыла яна. Нюанс у тым, што жанчына жыве ў бацькоўскім доме, не ўступіўшы ў спадчыну.

Па даручэнні губернатара па адрасе выедуць раённыя службы, паглядзяць і вызначаць, чым можна дапамагчы.

Праблему здачы малака ад прыватнага сектара агучыла жыхарка вёскі Матнявічы Чачэрскага раёна. "У вёсцы 100 кароў. Заўсёды здавалі малако на МТФ. 240 т толькі за мінулы год. Калі гаспадарку далучылі да іншай, пачаліся пытанні са здачай", - апісала сітуацыю яна.

"Літаральна на працягу некалькіх дзён будзе прынята рашэнне, як збіраць малако. Ёсць дзяржаўныя малочныя заводы, ёсць сельскі Савет, паглядзім магчымасці. Малако - запатрабаваны прадукт", - падкрэсліў Іван Крупко.

Жыхарку з Кашэвіч Петрыкаўскага раёна хвалюе тэма добраўпарадкавання аграгарадка. Паводле яе слоў, на дарогах - ямы з лужынамі, няма агароджаў.

Старшыня аблвыканкама адзначыў: спецыялісты абследуюць дарогі і ўжо ў панядзелак сітуацыю разгледзяць на нарадзе.

З пытаннем аб прыватызацыі дома звярнуліся на прыём да губернатара муж і жонка з Жыткавіч. У канцы 1980-х гадоў арганізацыя, дзе на той момант працаваў галава сямейства, купіла дом для сям'і. Як было адзначана, з заявай аб прыватызацыі жыльцы звярнуліся за тыдзень да заканчэння працэсу. Аднак поўнага пакета дакументаў не было. Ускладнялася сітуацыя тым, што жыллё пераходзіла з рэспубліканскай уласнасці ў раённую. Плюс на тэрыторыі ёсць неўзаконеныя гаспадарчыя пабудовы. Цяпер дом на балансе ЖКГ. Вырашыць пытанне можна толькі праз суд, удакладнілі спецыялісты.

"Дапамажыце аформіць, аднавіць дакументы. Прапішыце алгарытм, што павінны зрабіць жыхары, што - мясцовыя службы", - паставіў задачу раённым і абласным службам Іван Крупко.

Абмяркоўваліся на прыёме і іншыя пытанні. Па іх вызначаны шляхі вырашэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі