2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Палацы Рэспублікі праходзіць святочны канцэрт майстроў мастацтваў, прысвечаны Дню настаўніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Павіншавала педагогаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч. "Ад настаўніка залежыць вельмі шмат, перш за ўсё тая любоў да жыцця, да будучай прафесіі, да ведаў, якую ён прывівае дзецям. Успомнім кожны свае школьныя гады: калі ў нас быў добры настаўнік літаратуры, мы любім чытаць, калі ў нас быў добры настаўнік фізікі, мы захапіліся нечым механічным. Калі мы каго-небудзь не любілі, гэта таксама экстрапаліравалася на ўсё наша жыццё. У кожнага чалавека, у тым ліку маленькага, ёсць каласальны патэнцыял, і важна яго раскрыць. Таму настаўніку вельмі важна кожнай іскрынцы даць магчымасць запаліцца", - сказала яна.
Намеснік прэм'ер-міністра адзначыла, што настаўнік павінен быць прыкладам, пачынаючы з думак, якія ён падае дзецям. "Першы ўзор для пераймання (акрамя бацькоў) - гэта работнік адукацыі: спачатку выхавальнік, потым настаўнік. І мадэль паводзін складваецца ў дзяцей, гледзячы на гэтыя ўзоры. І на самай справе, што 20, што 50, што 100 гадоў таму ўсе гэтыя патрабаванні застаюцца нязменнымі. Проста вельмі важна, каб настаўнік разумеў, што ад яго вельмі шмат залежыць. Таму што тое, чым ён зацікавіць дзіця, магчыма, прадвызначыць усё жыццё маленькага чалавека. Таксама вельмі важна разумець, што фарміраванне маладога чалавека - гэта сумесныя намаганні і сям'і, і настаўніка. Калі гэта партнёрства складзецца, а залежыць гэта ад двух бакоў, тады, вядома, адукацыйна-выхаваўча-інтэлектуальны працэс фарміравання нашага будучага пакалення будзе наладжаны", - падкрэсліла Наталля Пяткевіч.
Паводле яе слоў, Беларусь змагла захаваць асновы савецкай школы. "Ва ўсім свеце пайшлі па шляху фрагментарнай адукацыі. У нас яна фундаментальная. У нас калі дзіця заканчвае школу, яно гатова практычна да ўсіх напрамкаў далейшага развіцця. Калі абітурыент паступае на той ці іншы напрамак, ён гатовы спецыялізавацца ў любой галіне, таму што ў ВНУ альбо ў каледжы ён атрымае фундаментальную адукацыю, якая дасць яму добрую аснову для гэтага", - дадала намеснік прэм'ер-міністра.
Наталля Пяткевіч зачытала прывітальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
У час святочнага мерапрыемства было названа імя пераможцы рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Беларусі - 2026". Ім стаў настаўнік матэматыкі сярэдняй школы №5 Смалявіч Дзяніс Дубаневіч.-0-
