Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 студзеня 2022, 13:26

НАН праводзіць дні адкрытых дзвярэй да 100-годдзя акадэмічнай навукі

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з 17 студзеня па 11 лютага праводзіць дні адкрытых дзвярэй, прысвечаныя Дню беларускай навукі, 100-годдзю беларускай акадэмічнай навукі і 100-годдзю Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

"У жадаючых ёсць унікальная магчымасць наведаць установы НАН Беларусі ў Мінску і іншых гарадах краіны. Мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх навуковых арганізацыях Акадэміі навук", - расказалі ў прэс-службе.

Асаблівую праграму прапануюць арганізацыі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Так, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць шэраг мерапрыемстваў. Гэта тэматычныя кніжныя выстаўкі "Навука Беларусі: інавацыі, тэхналогіі, прыярытэты" і "Навуковая спадчына Інстытута беларускай культуры", кінапаказ навукова-папулярных і мастацкіх фільмаў аб жанчынах у навуцы, аглядная экскурсія па бібліятэцы. З гісторыяй Інбелкульта можна азнаёміцца на дзеючым віртуальным праекце ЦНБ НАН Беларусі - Інбелкульт100 (csl.bas-net.by/inbelcult), дзе ў адкрытым доступе прадстаўлена лічбавая калекцыя выданняў Інбелкульта, што захоўваюцца ў фондах бібліятэкі.

Усе жадаючыя бясплатна могуць наведаць Музей гісторыі НАН Беларусі. Ён з'яўляецца мемарыяльным комплексам гісторыі вышэйшай навуковай арганізацыі краіны і адначасова культурна-асветнай установай. На плошчы каля 250 кв.м размешчана больш за 3,5 тыс. экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця навукі ў Беларусі, стварэнне і развіццё навуковых напрамкаў, навуковую і навукова-практычную дзейнасць вучоных.

Жадаючыя змогуць таксама наведаць пастаянна дзеючую выстаўку "Дасягненні навукі - вытворчасці", археалагічную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Экскурсіі праводзяцца па папярэднім запісе для арганізаваных груп.

Напярэдадні Дня беларускай навукі Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі 26 студзеня правядзе Дзень адкрытых дзвярэй, на які запрашаюцца студэнты выпускных курсаў устаноў адукацыі, супрацоўнікі навуковых інстытутаў і арганізацый НАН, а таксама ўсе, хто зацікаўлены ў атрыманні вышэйшай адукацыі II ступені.

Свой план мерапрыемстваў правядзення дзён адкрытых дзвярэй рыхтуе і Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Маладыя даследчыкі будуць не толькі праводзіць экскурсіі па сваіх навуковых арганізацыях, але і сустракацца са школьнікамі і студэнтамі ў школах і вышэйшых навучальных установах. А 21 студзеня адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў IX гарадскога фестывалю праектных і даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў "Пазнанне і творчасць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі