Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 снежня 2021, 16:31

НАН Беларусі прысудзіла прэміі 2021 года

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падвёў вынікі конкурсу на саісканне прэмій НАН 2021 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Акадэміі навук.

На аснове рашэнняў камісіі па прэміях вырашана прысудзіць шэсць прэмій НАН Беларусі. У галіне інфармацыйных тэхналогій прэмія прысуджана вядучым навуковым супрацоўнікам Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Вользе Красько і Наталлі Навасёлавай (за цыкл работ "Метады, мадэлі аналізу біямедыцынскіх даных і інфармацыйна-аналітычныя сістэмы прагнозу выжывальнасці і дыягностыкі сацыяльна значных захворванняў").

У галіне фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук будуць узнагароджаны загадчык аддзялення Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава НАН Павел Грынчук і навуковыя супрацоўнікі таго ж інстытута Андрэй Акуліч і Міхаіл Кіяшка (за цыкл работ "Фізіка-хімічныя працэсы сінтэзу і апрацоўкі карбідакрэмніевай керамікі з унікальным спалучэннем уласцівасцей для аптычных дадаткаў").

Лаўрэатамі прэміі ў галіне біялагічных навук сталі дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Руслан Шэйка і загадчыкі лабараторый таго ж інстытута Валянціна Лемеш і Марыя Міхайлава (за цыкл работ "Распрацоўка і ўкараненне метадаў ДНК-ідэнтыфікацыі жывёл з мэтай пацвярджэння іх відавой прыналежнасці і павышэння прадукцыйных якасцей").

Прэмія ў галіне медыцынскіх навук будзе ўручана загадчыку кафедры Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Францішку Вісманту, дырэктару Інстытута фізіялогіі Сяргею Губкіну, старшаму выкладчыку БДМУ Сяргею Чэпелеву (за цыкл работ "Распрацоўка новых эфектыўных метадаў кардыяпратэкцыі і высвятленне механізмаў іх рэалізацыі").

Прэмію ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук вырашана прысудзіць галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута філасофіі НАН Уладзіміру Лукашэвічу за манаграфію "Креативное взаимодействие предметного, нормативного и рефлексивного знания в научном поиске".

У галіне аграрных навук будуць узнагароджаны генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Фёдар Прывалаў, галоўны навуковы супрацоўнік НПЦ Станіслаў Грыб, загадчыца аддзела НПЦ Ірына Матыс (за работу "Стварэнне нацыянальнага банка насення генетычных рэсурсаў гаспадарча карысных раслін - першааснова забеспячэння харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь").

Прэміі НАН Беларусі заснаваны ў 1995 годзе для падтрымкі айчынных вучоных, навуковыя работы якіх атрымалі прызнанне ў Беларусі і за яе межамі, аказалі значны ўплыў на выкананне дзяржаўных праграм, садзейнічалі развіццю інавацыйнай дзейнасці, павышэнню эфектыўнасці эканомікі краіны, забеспячэнню харчовай бяспекі і вырашэнню задач аховы навакольнага асяроддзя і здароўя насельніцтва, а таксама для стымулявання творчай актыўнасці і прафесійнага росту вучоных. З 2017 года конкурсы на саісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзяцца кожны год. Памер адной прэміі складае 35 базавых ставак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі