Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 студзеня 2020, 14:44

НАН Беларусі назвала топ-10 рэзультатаў вучоных за 2019 год

8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вызначыла топ-10 рэзультатаў дзейнасці вучоных акадэміі за 2019 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.

Адным з пераможцаў конкурсу па выніках 2019 года прызнаны старшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Дзмітрый Харошка (за ўстанаўленне меры квантаванасці аптычных палёў, што колькасна вызначае ўклад квантавых флуктуацый у энтрапію поля). Атрыманыя ім вынікі важны для квантавых вылічэнняў, крыптаграфіі і метралогіі.

Калектыў вучоных Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН увайшоў у топ-10 за распрацоўку тэхналогіі высокатэмпературнай малекулярна-пучковай эпітаксіі слаёў нітрыду алюмінію і нітрыду алюмінію-галію ў гетэраструктурах на падложках сапфіру і карбіду крэмнію для стварэння транзістарнай асновы айчыннай ЗВЧ і сілавой электронікі.

Аўтарскі калектыў Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН, а таксама загадчык 2-й кафедры хірургічных хвароб БДМУ Станіслаў Траццяк стварылі біясумяшчальныя сітаватыя матэрыялы на пекціне з зададзенымі фізіка-хімічнымі ўласцівасцямі і рэгулюемай скорасцю біядэградацыі для трансплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак.

Таксама сярод папаўшых у дзясятку - калектыў вучоных Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі (за ўстанаўленне інгібіруючай актыўнасці вытворных 4-(амінаметыл) бензаміду адносна шэрага анказначных протэінкіназ і іх здольнасці да спынення росту пухлінных клетак). Распрацоўка мае асаблівае значэнне для стварэння новага пакалення арыгінальных лекавых сродкаў.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Ірына Даніловіч будзе ўзнагароджана за ўстанаўленне бягучых і доўгатэрміновых трансфармацый гідратэрмічнага рэжыму ў заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніны ў сувязі з глабальнымі змяненнямі клімату.

Акрамя таго, у ліку пераможцаў - вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі (за распрацоўку высокаадчувальнага метаду распазнавання паталагічных клетак чалавека з выкарыстаннем біясэнсараў на аснове фатонных нанаструктур аксіду цынку для дыягностыкі анкагематалагічных захворванняў).

Калектыў аўтараў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах даследаваў генетычную гісторыю вялікага падворліка. Устаноўлена, што крытычнае змяншэнне колькасці віду ў пасляледавіковы перыяд на тэрыторыі Еўропы - вынік уздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя і не звязана са скарачэннем генафонду.

Аўтарскі калектыў вучоных Інстытута радыебіялогіі НАН І БДМУ правёў унікальны эксперымент і выявіў устойлівую залежнасць рэпрадуктыўнай здольнасці крыс-самцоў і іх шматлікіх наступных пакаленняў ад электрамагнітнага выпрамянення мабільных прылад.

Вучоныя Інстытута гісторыі НАН распрацавалі арыгінальную канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая грунтуецца на пераемнасці першых і наступных старажытных паселішчаў, а таксама гістарычных этнічных і поліэтнічных утварэнняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з навейшымі перыядамі і структурнымі ўтварэннямі беларускай дзяржаўнасці.

Калектыў аўтараў НПЦ НАН па харчовай галіне адзначаны за ўстанаўленне маркераў прысутнасці ў прадуктах харчавання пальмавага алею і яго фракцый.

Узнагароджванне пераможцаў будзе прымеркавана да святкавання Дня беларускай навукі ў канцы студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі