Юрый Сянько
17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасць звышурочнага прыцягнення работнікаў у прамысловых арганізацыях застаецца запатрабаванай. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько па выніках даклада ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адно з пытанняў, якое гучала на дакладзе ў Прэзідэнта, датычылася ўказа "Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях". Дакумент быў падпісаны ў сакавіку мінулага года і рэгламентаваў магчымасць дадаткова прыцягваць работнікаў з іх згоды.
"Наймальніку не трэба дадаткова шукаць спецыяліста, які не вельмі паглыблены ў тэму вытворчасці, тэхналогій. Ён за дадатковую аплату прыцягвае свайго работніка", - сказаў Юрый Сянько.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе больш як 160 арганізацый скарысталіся магчымасцю адпаведнага ўказа і прыцягвалі работнікаў звышурочна або ў выхадныя дні. Такая магчымасць не менш запатрабавана і ў гэтым годзе. У цэлым у Беларусі амаль 16 тыс. работнікаў прыцягваліся да звышурочных работ.
"Прафсаюзы разам з наймальнікамі аналізуюць такую работу. Мы ўжо маем даволі нядрэнны аналіз. Таму з новымі арганізацыямі, якія звяртаюцца з пытаннямі дадатковага прыцягнення работнікаў, мы абмяркоўваем стварэнне ўмоў для таго, каб чалавек мог звышурочна працаваць і паўнацэнна адпачываць", - падкрэсліў Юрый Сянько.
Такім чынам, рэзюмаваў ён, па гэтым пытанні захоўваецца баланс, асабліва ў прафесіях, якія звязаны з небяспечнымі ўмовамі працы.
Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі 21 сакавіка 2024 года падпісаў указ нумар 105 "Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях". Дакумент прыняты ў мэтах максімальнага задзейнічання працоўных рэсурсаў, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі, для аператыўнага вырашэння важнейшых стратэгічных задач у вытворчасці.
Указам прадугледжваецца магчымасць па ўзгадненні з прафсаюзам і са згоды работнікаў павялічваць ліміт звышурочных работ і работ у выхадныя дні, калі ёсць абгрунтаваная вытворчая і эканамічная неабходнасць.-0-
