Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лютага 2024, 02:04

Наглядальнік пра АДГ: мы ўбачылі ўсвядомлены падыход выбаршчыкаў да выбару кандыдатаў

26 лютага, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Мы ўбачылі ўсвядомлены падыход выбаршчыкаў да выбару сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася наглядальнік Валянціна Маціеўская, якая ў адзіны дзень галасавання працавала на выбарчым участку нумар 115 Кастрычніцкага раёна Магілёва.

"З самай раніцы людзі прыходзілі на ўчастак з добрым настроем, усе ўсмешлівыя і ветлівыя. Выбаршчыкаў было шмат, людзі прыходзілі вялікімі сем'ямі, з дзецьмі. Ніякіх канфліктных сітуацый на ўчастку не было", - падзялілася ўражаннем наглядальнік.

У выпадку, калі ў выбаршчыка ўзнікалі нейкія пытанні, яму на дапамогу прыходзілі вопытныя члены камісіі. "Людзі больш старэйшага ўзросту часам маглі недзе заблытацца, у нечым не разабрацца самастойна, пыталіся, чаму бюлетэні тры. Тады члены камісіі хутка прыходзілі на дапамогу, тлумачачы ўсё", - адзначыла Валянціна Маціеўская.

Паводле слоў наглядальніка, у гэту электаральную кампанію парадавала актыўнасць моладзі. "У нас было шмат тых, хто галасаваў упершыню, шмат моладзі крыху старэйшай. Прыемна было разумець, што ўсе яны прыйшлі падрыхтаваныя: ім не трэба было нічога расказваць, яны не падыходзілі да інфармацыйных стэндаў, таму што паспелі ўжо вывучыць усіх кандыдатаў, - алзначыла яна. - Людзі сярэдняга ўзросту прыходзілі цэлымі сем'ямі, з маленькімі дзецьмі. І гэта таксама радуе, бо так бацькі закладваюць у дзецях адказнасць, паказваючы сваім прыкладам, што свой грамадзянскі абавязак трэба выконваць".

Участак для галасавання размясціўся ў сярэдняй школе нумар 37. Для падтрымання настрою жыхароў мікразоны тут працаваў буфет і выязны гандаль, а святочны настрой дарыла творчая праграма, арганізаваная сіламі школы. "Людзі не спяшаліся ісці ад нас адразу пасля галасавання, заставаліся паглядзець канцэрт, набыць ласункі", - падзялілася яна.

Як расказала старшыня ўчастковай камісіі Галіна Каленціёнава, усяго на ўчастку для галасавання зарэгістравана больш за 2 тыс. чалавек. "Жыхары нашай мікразоны на выбары прыходзяць актыўна. Сёння людзі ішлі цэлымі пад'ездамі і дамамі. Шмат званкоў было з просьбай прыйсці дадому: нехта нагу зламаў, не мог сам дабрацца, а нехта з-за ўзросту ўжо не мог прыйсці самастойна на ўчастак. Усё неабходнае ў нас для такіх выездаў было, таму ніхто не застаўся без увагі", - расказала яна.

Галіна Каленціёнава падкрэсліла, што адказнасць беларускага народа, жаданне грамадзян не заставацца ў баку ад жыцця дзяржавы, сёння ўбачылі ўсе ўдзельнікі адзінага дня галасавання. "Мы бачым, што цяпер адбываецца вакол нашай краіны. Людзі зусім інакш паглядзелі на наша спакойнае жыццё, на мірнае неба над нашымі галовамі. Усім зразумела, што ўсё гэта трэба берагчы. А ўдзел у выбарах - гэта ўклад кожнага ў нашу спакойную і працвітаючую будучыню", - падагульніла яна.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі