Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 ліпеня 2021, 18:12

На выязным пасяджэнні Савета Рэспублікі ў Полацку разгледзелі пытанні аздараўлення нацыі

5 ліпеня, Полацк /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. На выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Полацку сенатары, свяшчэннаслужыцелі і кіраўнікі розных міністэрстваў абмеркавалі праблему алкагалізму ў грамадстве і намецілі напрамкі сумеснай работы ў пытанні клопату аб здароўі нацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На выязным пасяджэнні прысутнічалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, сенатары, у тым ліку з Полацка і Наваполацка, прадстаўнікі абласной і раённай улады, міністэрстваў, духавенства, у тым ліку з Расіі. Чырвонай ніткай абмеркавання ў час пасяджэння праходзіла думка, што над глабальнай праблемай п'янства і прафілактыкі алкагалізму трэба працаваць разам. "Мы зможам даведацца аб вопыце прадстаўнікоў Рускай праваслаўнай царквы ў абароне насельніцтва ад алкагалізму, азнаёміцца з вопытам рэгіёнаў Беларусі і выпрацуем міжведамасную канцэпцыю па прафілактыцы алкагалізму", - перад пачаткам пасяджэння заявіла Наталля Качанава.

Яна дадала, што важным аспектам з'яўляецца грамадска-дзяржаўнае партнёрства з царквой у вырашэнні няпростай праблемы. "Гэта праблема мае сур'ёзныя наступствы: амаль усе злачынствы ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап'янення. Не толькі Беларуская праваслаўная царква, але і іншыя канфесіі далучыліся да гэтай тэмы. Дзяржава робіць шмат для ўмацавання здароўя грамадзян. У нас у краіне адкрываюцца рэабілітацыйныя цэнтры, займаюцца прафілактыкай і лячэннем залежных ад алкаголю. Але трэба падключацца на этапах, калі ёсць магчымасць дапамагчы чалавеку, таму што залежнасць ад моцных напіткаў - гэта рыса, з-за якой чалавека няпроста вярнуць", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў сваім выступленні прывёў словы Антонія Сурожскага, які параўноўваў чалавека з абразом, які можа зацямніцца ад заганаў. І ачысціць, аднавіць яго можна толькі ачысціўшыся духоўна. "Алкагалізм скажае вобраз бога ў душы. У рэабілітацыйных праграмах для залежных ад алкаголю заўсёды прысутнічае духоўны складнік. Пастырскае слова і медыцынскае лячэнне даюць відавочны вынік. Трэба адзначыць, што шкода ад аднаго чалавека, які п'е, закранае мінімум 9-10 чалавек з яго акружэння. П'янства - гэта не толькі цялесная, але і сацыяльная хвароба. Таму для выратавання душы чалавека, грамадзяніна краіны трэба аб'ядноўвацца", - падкрэсліў уладыка.

Мітрапаліт Пскоўскі і Порхаўскі Ціхан расказаў аб прыкладзе так званай неназойлівай антыалкагольнай кампаніі ў Расіі. "Задача царквы ў вырашэнні гэтай праблемы - прафілактыка. У Расіі ўжыванне алкаголю як дарослымі, так і падлеткамі і дзецьмі было асаблівай праблемай. Узровень спажывання этылавага спірту на душу насельніцтва, паводле даных СААЗ, у 2009 годзе складаў 15 л. Свяшчэннаслужыцелі актыўна падключыліся да вырашэння гэтай праблемы і прымалі ўдзел у змяненні некаторых законаў па рэалізацыі алкагольнай прадукцыі: у расійскіх гарадах увялі абмежаванні па продажах і забарону на водпуск алкаголю пасля 22.00. Таксама для прадухілення п'янства сярод моладзі быў забаронены продаж энергетычных напіткаў, якія змяшчаюць алкаголь", - расказаў мітрапаліт.

Ён таксама адзначыў, што ў Расіі піва прыраўнавана да алкагольнай прадукцыі, і на яго рэалізацыю распаўсюджваюцца тыя ж правілы. На расійскім тэлебачанні ўведзена забарона на рэкламу алкагольных напіткаў. Такія меры садзейнічалі зніжэнню спажывання алкаголю сярод дарослых, моладзі і падлеткаў, колькасці злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення, суіцыдаў.

Па лініі праваахоўных органаў праблема п'янства ў нашай краіне таксама адсочваецца пастаянна. "За апошнія гады культура піцця змянілася, але праблема злоўжывання спіртнымі напіткамі нікуды не дзелася. Большасць злачынстваў грамадзяне ўчыняюць у стане алкагольнага ап'янення. Праваахоўныя органы ўдзяляюць павышаную ўвагу сем'ям, дзе хаця б адзін раз быў зафіксаваны выпадак насілля або пагрозы насілля з боку чалавека, які п'е. У прафілактыцы п'янства цяпер мала задзейнічаны працоўныя калектывы, у той час як на рабочым месцы чалавек, які выпіў, уяўляе непасрэдную пагрозу сабе і калегам. Таму ролю працоўных калектываў трэба ўзмацніць", - расказаў міністр МУС Беларусі Іван Кубракоў.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч акцэнтаваў увагу на тым, што алкагалізм непасрэдна ўплывае на нацбяспеку ў краіне: грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным, не могуць быць носьбітамі здаровага генафонду і часцей за іншых схільны да цяжкіх захворванняў, ідуць з жыцця ў працаздольным узросце. "У нашай краіне пераважае паўночная мадэль ужывання алкаголю, для якой характэрна цяга да моцных напіткаў, якія людзі п'юць за кароткі час - прыклад прывычных для многіх застолляў. У Беларусі, паводле статыстычных даных, рэгіструецца рост ужывання алкаголю на душу насельніцтва ў катэгорыі 15+, і ў 2020 годзе ён складаў 10,8 л на чалавека. Тым не менш ужыванне алкаголю сярод моладзі знізілася, падрастаючае пакаленне стала больш арыентавацца на захаванне здароўя. Таксама зменшылася колькасць грамадзян, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку як алказалежныя , у тым ліку жанчын", - адзначыў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Праблему п'янства разгледзелі і з пазіцыі адукацыі. Прафілактыцы алкагалізму і нарказалежнасці ў школах, ССНУ і ВНУ заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага і наладжана эфектыўная сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння. У тым ліку ў школы запрашаюць свяшчэннаслужыцеляў для духоўнай размовы аб шкодзе спіртных напіткаў. "Да праекта "Бацькоўскія ўніверсітэты", якія мы праводзім у школах для мам і тат, маглі б падключыцца і прадстаўнікі царквы", - прапанаваў яшчэ адну форму супрацоўніцтва міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Ён дадаў, што алкагалізм сярод дарослых выклікае такую з'яву, як сацыяльнае сіроцтва, калі дзяцей забіраюць з сем'яў, у якіх адзін або два бацькі злоўжываюць спіртным. На пачатак года ў Беларусі налічвалася крыху больш за 18 тыс. сірот, большасць з якіх адносяцца да катэгорыі сацыяльных. Дзяржава пры гэтым бярэ дзяцей пад сваю апеку і клапоціцца аб іх да вяртання ў біялагічныя сем'і або ўладкавання ў замяшчальныя сем'і.

"Ідэя правядзення такога пасяджэння ўзнікла ў час правядзення Прэзідэнтам нарады ў Жыровіцкім манастыры па ўзаемадзеянні з Беларускай праваслаўнай царквой. Тэма актуальная, для нас важна, каб нацыя была здаровай. Здаровы чалавек - гэта галоўнае багацце дзяржавы. Гэтай праблемай трэба займацца разам: дзяржаўным органам, грамадскім арганізацыям, працоўным калектывам. П'яны чалавек - больш кіруемы, ён можа пайсці супраць сваёй сям'і і супраць народа. Таму ў сумеснай рабоце па абароне ад алкагалізму не павінна быць абыякавасці. Улада і духавенства даўно і паспяхова супрацоўнічаюць у пытаннях выхавання здаровага грамадзяніна. І праведзенае пасяджэнне надасць чарговы імпульс для таго, каб мы паглядзелі на гэту праблему з розных бакоў: адукацыі, сем'яў, кіраўнікоў прадпрыемстваў", - падвяла вынік Наталля Качанава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі