Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 ліпеня 2025, 11:53

"На спіле ўбачыў сюжэт з "Салярыса". Народны ўмелец з Мінскага раёна стварае драўляныя шэдэўры

Анатоль Новікаў
Анатоль Новікаў
17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арыгінальныя прадметы інтэр'ера з дрэва Анатоля Новікава паспяхова дэманструюцца на сталічных, рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках. Ды і дом у аграгарадку Прылукі, у якім ён жыве, можна таксама смела назваць выставачнай залай. Тут з любімага прыроднага матэрыялу майстар вырабіў усё, што толькі можна.

Нарадзіўся і вырас ён на беларускай зямлі. Восем разоў ездзіў у будатрады ў Сібір, і ў выніку яго запрасілі туды працаваць. Пабачыў і Іркуцкую вобласць, і Краснаярскі край, і Далёкі Усход. Зімой Анатоль Новікаў хадзіў на лыжах па тайзе, нават стаў майстрам спорту СССР па турызме. У час падарожжаў бачыў галінкі ўнікальнай формы, і адразу ўзнікала думка: а што б такое можна з іх стварыць? Забіраў з сабой, потым дзеля задавальнення рабіў з іх што-небудзь для дома. Сябры ахалі - якая прыгажосць! Даводзілася і іх забяспечваць арыгінальнымі падарункамі.

У 50 гадоў Анатоль Новікаў выйшаў на пенсію і вярнуўся на радзіму. Будаваў дом, а ў свабодны час займаўся мастацкай апрацоўкай дрэва.

Зыходны матэрыял, з якога наш герой стварае свае вырабы, амаль увесь (95 працэнтаў) прывезены з сібірскай тайгі. Але і беларускую драўніну таксама выкарыстоўвае: арэшнік, асіну, елку, бярозу. А ў ліку любімых парод - ангарская сасна.

- Зімой у тайзе мінус 60, а летам плюс 35. З-за вялікіх перападаў тэмператур і іншых кліматычных асаблівасцей гэта дрэва мае асаблівую фактуру, - тлумачыць свой выбар майстар. - А яшчэ яго галінкі вельмі звілістыя. Такіх у Беларусі не знайсці. Для творчай фантазіі гэта проста знаходка. Да таго ж лес там стары - яму больш за сто гадоў. Нярэдка можна сустрэць экзэмпляры, якім больш за трыста. У такіх малюнак спілаў атрымліваецца складаны і цікавы. У нас жа дубы такога ўзросту маюць статус помнікаў прыроды.

Кожны выраб майстра - штучны. Калі гаварыць аб асартыменце, то Анатоль Іванавіч выдзяляе два напрамкі, у якіх працуе. Першы - гэта прадметы інтэр'ера: гадзіннікі, рамы для люстэркаў, сталы, крэслы, лаўкі, кандэлябры, вазы і шкатулкі. Другі - вырабы для кухні і сервіроўкі: сталы і стальніцы, апрацоўчыя дошкі, падносы, менажніцы. Творца шырока выкарыстоўвае капы з-за прыгожага і непаўторнага малюнка.

- Валокны драўніны там накіраваны ў розныя бакі. На адным спіле я нават убачыў сюжэт з "Салярыса" Станіслава Лема - атрымалася эксклюзіўная карціна, - з усмешкай гаворыць ён.

Анатоль Новікаў - герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Пагаварылі з ім аб натхненні на стварэнне драўляных шэдэўраў, такой унікальнай сыравіне, як капы. Даведаліся пра самы дарагі для яго выраб, які не прадасць ні за якія грошы. І спыталі, які даход прыносіць мастацкая апрацоўка дрэва.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

https://specreport.belta.by/vkadre_novikov
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі