Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 студзеня 2020, 15:09

На "Калядную ёлку" ў Мінск прыехалі дзеці з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў

8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXVI Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Калядная ёлка - нашы дзеці" праходзіць сёння ў Мінску. Мерапрыемства пачалося ў Святадухаўскім кафедральным саборы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На гэты раз праект аб'яднаў больш як 1,5 тыс. дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць у пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах Беларусі і Расіі, а таксама праходзяць аздараўленне ў рэспубліканскіх дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах. У прыватнасці, на мерапрыемства прыехалі дэлегацыі з 25 раёнаў краіны і 2 раёнаў Бранскай вобласці Расіі, а таксама творчыя калектывы і фіналісты XXXII Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы "У будучыню - з надзеяй!"

Мітрапаліт Павел павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з Раством Хрыстовым, памаліўся за дзяцей Беларусі, благаславіў удзельнікаў сустрэчы. Дзеці ў знак удзячнасці паднеслі яму творчыя віншаванні і сувеніры, вырабленыя сваімі рукамі, у тым ліку святочны калядны пірог з 26 свечкамі - столькі гадоў існуе праграма.

Арына Савянок прыехала з Мазыра. Ёй 9 гадоў, яна не першы раз ужо прымае ўдзел у акцыі. "Мне тут вельмі падабаецца. Мы падрыхтавалі нумар, я буду чытаць вершы. Я люблю спяваць, танцаваць, чытаць вершы і мару стаць актрысай", - расказала дзяўчынка.

Ягор Варыга прадстаўляе ліцэй МНС. "Гэта вельмі ганарова - прымаць удзел у такой акцыі. Ад нашага ліцэя сёння тут 40 чалавек, а з майго трэцяга курса - 8. Выбіралі самых адказных, - сказаў ён. - Такія праекты важныя для з'яднання, развіцця дзяцей. Мне вельмі хацелася сюды трапіць. Я танцую, чытаю вершы, са сваімі таварышамі прымаю ўдзел у розных мерапрыемствах, але гэта акцыя - асаблівая".

Сёння юныя госці беларускай сталіцы таксама пабываюць у Беларускім дзяржаўным цырку. Тут іх чакае маляўнічы паказ і навагоднія падарункі. "Мы рады таму, што дзеці з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама таленавітыя дзеці маюць магчымасць прыехаць у сталіцу, сустрэцца з мітрапалітам, - адзначыў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шпарло. - Гэта акцыя стала традыцыйнай, яна будзе праводзіцца і далей".

З ініцыятывай штогадовай "Каляднай ёлкі" нязменна выступае Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У арганізацыі свята актыўна ўдзельнічаюць Епархіяльнае ўпраўленне беларускай праваслаўнай царквы, Беларускі фонд міру пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Гомельскага, Магілёўскага, Брэсцкага і Гродзенскага аблвыканкамаў.

Галоўная мэта праекта - духоўная, сацыяльная і творчая падтрымка дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць у пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнах. Удзельнікамі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі з 1994 года сталі амаль 50 тыс. беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама дзеці з Расіі і Украіны. Магчымасць правядзення дзіцячага свята існуе дзякуючы сродкам, што выдзяляюцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі