Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 верасня 2022, 10:42

На фестываль "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" беларуская дэлегацыя адправіцца 14 верасня

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя 14 верасня адправіцца на XV фестываль "Моладзь - за Саюзную дзяржаву", паведамілі БЕЛТА ў Маладзёжным тэатры эстрады.

Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі праведзена неабходная падрыхтоўчая работа і сфарміраваны склад дэлегацыі ад Беларусі ў колькасці 100 чалавек, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў. Гэта студэнты, навучэнцы, маладыя работнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, аб'яднаныя імкненнем да творчасці і дружбы паміж моладдзю Расіі і Беларусі. Цырымонія ўрачыстай адпраўкі запланавана на 14 верасня. З самай раніцы перад удзельнікамі дэлегацыі гасцінна расчыніць свае дзверы Маладзёжны тэатр эстрады. Тут на ўваходзе ўсіх прыбываючых творчым флэшмобам будуць сустракаць удзельнікі ансамбля кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У фае тэатра разгорнецца канцэпт-прэзентацыя ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі, дзе маладыя людзі змогуць адразу пазнаёміцца і акунуцца ў атмасферу творчасці і дружбы.

Сваім музычным прывітаннем падзеляцца ўдзельнікі народнага цымбальнага аркестра "Ліра" Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Атмасферу прыгажосці і грацыі створаць удзельнікі подыум-школы FashionStyleModels Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі. У склад дэлегацыі таксама ўключаны шоу-балет "Сенсацыя".

Удзельнікі цырымоніі змогуць сустрэцца з маладымі вакальнымі выканаўцамі, сярод якіх Данііл Мышкавец - уладальнік другой прэміі ХХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2021", Ягор Кан, Вераніка Цубікава, Даная Шаршавіцкая, Уладзіслаў Дубіцкі, які выступае ў арыгінальным жанры піксельнае шоу, баяніст Павел Шайтанаў.

Свае візітныя карткі ўдзельнікам XV фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" ад Беларусі прэзентуюць пераможцы адборачнага тура конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні. Гэта Вольга Булай, Аліна Бурачэўская, Лізавета Галеева, Мікіта Залеўскі, Андрэй Кот, Ілья Пракаповіч, Карына Ромыш і Маргарыта Шыбаева.

Як адзначыў мастацкі кіраўнік - каардынатар удзельнікаў фестывалю ад Беларусі Аляксандр Далжэўскі, праграма форуму абяцае быць насычанай і цікавай. На працягу фестывальнага тыдня пройдуць урачыстае адкрыццё фестывалю, конкурс выканаўцаў маладзёжнай песні, маладзёжная канцэртная эстафета Саюзнай дзяржавы "Калі мы адзіныя - мы непераможныя" па гарадах Смаленскай вобласці, канцэрт для ветэранаў вайны і працы "Беларусь і Расія - з любоўю да Радзімы!", патрыятычная акцыя моладзі Саюзнай дзяржавы "Свечка памяці", музычны вечар, прысвечаны нацыянальным традыцыям рэгіёнаў Беларусі і Расіі "Спяваем і славім край родны", шоу-квіз, прысвечаны году народнага мастацтва і нематэрыяльнай культурнай спадчыны "ВО!круг культур", спартыўны марафон моладзі Беларусі і Расіі "Гонка герояў", вечар-конкурс "Міс фестываль" - "15 прычын быць шчаслівай", "За новы гарызонт", урачыстае закрыццё фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву", гала-канцэрт лаўрэатаў конкурсу выканаўцаў маладзёжнай песні і мастацкіх калектываў, артыстаў эстрады Беларусі і Расіі, а таксама развітальная белая ноч удзельнікаў фестывалю "Да пабачэння, фестываль!"

Па ініцыятыве Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі з 14 па 19 верасня на тэрыторыі Смаленскай вобласці (Расійская Федэрацыя) адбудзецца XV фестываль "Моладзь - за Саюзную дзяржаву". Гэта маштабны творчы і адукацыйны форум, накіраваны на стварэнне адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы, умацаванне дружбы моладзі Расіі і Беларусі, прапаганду лепшых ідэй у галіне сучаснага маладзёжнага руху і наладжванне супрацоўніцтва паміж маладзёжнымі аб'яднаннямі дзвюх краін, а таксама выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі. Мінулы, XIV фестываль прайшоў у 2019 годзе ў Растове-на-Доне. У сувязі са змякчэннем дзеючых каранавірусных абмежаванняў дэпутаты Парламенцкага сходу прынялі рашэнне аднавіць у 2022 годзе правядзенне маштабнага маладзёжнага форуму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі