Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 красавіка 2020, 16:44

На БелАЭС праводзіцца комплексны маніторынг навакольнага асяроддзя

15 красавіка, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Комплексная праграма назіранняў за радыяцыйнымі характарыстыкамі навакольнага асяроддзя выконваецца на Беларускай АЭС. Аб гэтым паведаміў сёння ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Каваленка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З 2016 года мы займаемся арганізацыяй сеткі пунктаў назіранняў у раёне размяшчэння БелАЭС. Работы на пунктах ужо вядуцца, мы атрымліваем на іх даныя, ад якіх будзем адштурхоўвацца пры аналізе ўплыву атамнай электрастанцыі на навакольнае асяроддзе, - сказаў начальнік службы. - У далейшым, калі лабараторыя радыяцыйнага кантролю навакольнага асяроддзя БелАЭС пачне сваю работу, менавіта яна прадоўжыць выконваць праграму комплекснага экалагічнага маніторынгу ў зоне назірання АЭС. За Мінпрыроды застанецца толькі выкананне кантралюючых функцый з дапамогай правядзення назіранняў на пунктах нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя".

У раёне БелАЭС з 2017 года функцыянуе аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі Мінпрыроды, якая складаецца з 10 пунктаў вымярэння, размешчаных як у зоне назірання АЭС, так і за зонай. У бліжэйшы час у зоне назірання будуць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ 10 аўтаматычных пунктаў вымярэння, якія належаць непасрэдна БелАЭС.

Перыядычнасць назіранняў будзе вызначацца рэгламентам. "На нашых пунктах маніторынгу адбор проб паверхневых вод ажыццяўляецца 5 разоў у год, глебы - штогод, адборы проб атмасфернага паветра праводзяцца штодзень. Аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі вымярае магутнасці дозы гама-выпрамянення штохвілінна і кожныя 10 хвілін перадае нам гэтыя даныя. У рэжыме рэальнага часу гэта інфармацыя перадаецца і калегам у МНС", - расказаў начальнік службы.

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце ДНУ "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны" НАН Беларусі Аляксандр Трыфанаў паведаміў, што іх інстытутам таксама будзе праводзіцца маніторынг па ўсіх напрамках. "Гэты маніторынг будзе ажыццяўляцца штогод, а ў канцы года будзе выпускацца справаздача, якую размесцяць у агульнай даступнасці", - адзначыў ён.

Таксама Аляксандр Трыфанаў расказаў, што спецыялістамі інстытута былі прааналізаваны розныя выпадкі аварый. "Асноўная прычына аварый - чалавечы фактар. У праекце Беларускай АЭС істотна зніжаны ўплыў чалавечага фактару. Калі станцыя выходзіць на аварыйны рэжым, сістэмы дзейнічаюць такім чынам, каб аператар не мог умешвацца ў работу станцыі прыкладна 30 хвілін, гэта значыць, ён не можа за гэты час прыняць памылковыя рашэнні. Гэта вельмі важна. Таму і ўдалося дасягнуць высокіх паказчыкаў бяспекі БелАЭС", - падкрэсліў эксперт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі