14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На грамадскае абмеркаванне вынесены праект закона "Аб змяненні Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Законапраект падрыхтаваны для ўстаранення канстытуцыйна-прававога прабелу, які прывёў да прававой нявызначанасці аб высяленні па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання членаў, былых членаў яго сям'і, іншых грамадзян, якія маюць права валодання і карыстання жылым памяшканнем.
Праектам прадугледжана ўстанаўленне збалансаванага прававога рэгулявання, якое дасць магчымасць улічваць інтарэсы новага ўласніка і членаў яго сям'і, а таксама дыферэнцыраванага падыходу да ацэнкі тых ці іншых жыццёвых сітуацый пры разглядзе патрабаванняў аб высяленні членаў сям'і былога ўласніка пры пераходзе права ўласнасці на жылое памяшканне, у першую чаргу, у парадку атрымання ў спадчыну.
Паводле інфармацыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пры захаванні правоў і абавязкаў у членаў сям'і былога ўласніка жылога памяшкання, вызначаемых у законапраекце, пасля пераходу права ўласнасці на жылое памяшканне ў парадку атрымання ў спадчыну мэтазгодна захаванне права новага ўласніка патрабаваць высялення названых грамадзян на тых жа падставах і на тых жа ўмовах, што і ў былога ўласніка.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 14 па 24 кастрычніка 2025 года ўключна.-0-
