Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2022, 13:02

"Мы - грамадзяне Беларусі". У Дзень Канстытуцыі юным беларусам урачыста ўручаюць першыя пашпарты

15 сакавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Абноўленая Канстытуцыя дасць моладзі яшчэ больш магчымасцей для самарэалізацыі. Такое меркаванне выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў у Палацы культуры вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў краіне асаблівы, святочны і, можна сказаць, гістарычны дзень - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, - адзначыў Анатоль Ісачанка. - 27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, і мы ўпісалі новую старонку ў гісторыі суверэннай Беларусі. Дзякуючы рашэнню абсалютнай большасці быў зроблены выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў у краіне. А гэта значыць, што абноўленая Канстытуцыя дасць моладзі яшчэ больш магчымасцей для сваёй самарэалізацыі. І вельмі сімвалічна, што абноўлены дакумент уступае ў сілу сёння, 15 сакавіка".

З рук губернатара пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь упершыню атрымалі 25 маладых людзей, прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў вобласці. Сярод іх - выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, актыўныя ўдзельнікі грамадскага, культурнага і спартыўнага жыцця. У гэты значны і хвалюючы для юнакоў, дзяўчат і іх бацькоў дзень уручэнне пашпартоў стала не толькі важнай і запамінальнай падзеяй, але і вялікай адказнасцю перад сваёй краінай.

"Ва ўсе часы атрыманне пашпарта маладымі людзьмі ўспрымалася як першы крок у дарослае жыццё, які дае шмат магчымасцей і гарантый, - звярнуўся губернатар да прысутных. - Ведаю, што вы ўжо да гэтага ўзросту дабіліся пэўных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскіх справах. Вы проста малайцы: маючы такія задаткі ў жыцці, самыя вялікія перамогі ў вас яшчэ наперадзе. Дабіваючыся асабістага выніку, вы праслаўляеце наш край, паказваеце, наколькі актыўная і эрудзіраваная моладзь Магілёўшчыны. Вам трэба будзе вызначыць далейшае жыццё Беларусі, захаваўшы наш духоўны здабытак, гістарычную праўду".

Асаблівую ўдзячнасць Анатоль Ісачанка выказаў бацькам, бо менавіта дзякуючы іх падтрымцы, цярпенню і мудрым парадам дзеці паспяхова падышлі да чарговага жыццёвага этапу. Губернатар упэўнены: бачыць сёння такую паспяховую і таленавітую моладзь - гэта шчасце для жыхароў усяго рэгіёна. У якасці наказу на дарогу для моладзі - пажаданне быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, несці любоў да роднай зямлі праз усё жыццё і пацвярджаць ганаровае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь сваімі справамі і ўчынкамі.

Вучаніца сярэдняй школы нумар 2 Бялыніч 14-гадовая Эвеліна Дудкіна сёння таксама паднялася на святочную сцэну, каб атрымаць пашпарт. Яна выдатніца вучобы, актывістка піянерскага руху, удзельніца другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і рускай мове. Акрамя таго, дзяўчына навучаецца ў музычнай школе і захапляецца маляваннем - на ўсё хапае часу і сіл. "Я стараюся атрымаць усебаковае развіццё, таму што яшчэ да гэтага часу не вызначылася з будучай прафесіяй, - гаворыць Эвеліна. - Аднак буду рабіць усё для працвітання нашай краіны. Вядома, я сёння хвалююся - гэта вельмі важная падзея ў жыцці, этап сталення любога чалавека. Я стану грамадзянкай Беларусі і буду вельмі гэтым ганарыцца".

Разам з дачкой хвалюецца сёння і бацька Анатоль Дудкін: "Мы доўга да гэтага ішлі, стараліся і выхоўвалі дзіця з максімальнай аддачай. Вынік відаць. З майго пункту гледжання, каб выгадаваць дастойнае дзіця, самае важнае - удзяляць яму як мага больш часу. Трэба пастаянна размаўляць, нешта тлумачыць і паказваць, быць для дзіцяці асабістым прыкладам".

Пасля завяршэння ўрачыстай часткі ўдзельнікі абласной маладзёжнай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі", прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Славы абласнога цэнтра і наведалі Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р.Раманава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі