Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 сакавіка 2021, 13:43

МУС пракаменціраваў навацыі ўказа аб біяметрычных дакументах

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства ўнутраных спраў пракаменціравала навацыі ўказа нумар 107 "Аб біяметрычных дакументах", паведамляе БЕЛТА.

Увядзенне біяметрычных дакументаў, што засведчваюць асобу (ідэнтыфікацыйнай карткі) і біяметрычных дакументаў для выезду за межы краіны і ўезду ў Беларусь (у выглядзе пашпартнай кніжкі) прадугледжваецца з 1 верасня бягучага года. Указам таксама ўносяцца змяненні ва ўказы Прэзідэнта ў частцы развіцця электронных сэрвісаў для выкарыстання грамадзянамі біяметрычных дакументаў і ўстанаўліваюцца стаўкі дзяржаўнай пошліны за іх выдачу або абмен.

Ідэнтыфікацыйная картка (ІD-картка) уяўляе сабой пластыкавую смарт-картку з інтэгральнай мікрасхемай, дзе змешчана інфармацыя аб уладальніку карткі ў тэкставым, машынасчытвальным і электронным выглядах і біяметрычныя даныя ўладальніка (фатаграфія і адпячаткі пальцаў), і з'яўляецца паўнацэнным дакументам, што засведчвае асобу, з магчымасцю правядзення юрыдычна значных дзеянняў за кошт выкарыстання асабістага электроннага лічбавага подпісу.

Біяметрычны пашпарт адрозніваецца ад звычайнага тым, што ў яго ўбудавана спецыяльная мікрасхема, якая змяшчае даныя ўладальніка, - прозвішча, імя, дату нараджэння і яго біяметрычныя даныя (фатаграфію і адпячаткі пальцаў, што выкарыстоўваюцца для ідэнтыфікацыі).

Указам уносяцца карэктывы ва ўказ ад 3 чэрвеня 2008 г. нумар 294 "Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь". Ён дапаўняецца палажэннямі аб біяметрычных дакументах, якія засведчваюць асобу, і біяметрычных дакументах для выезду з і (або) уезду ў Беларусь.

Як расказалі ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС, увядзенне ў дзеянне мадэрнізаваных біяметрычных дакументаў з высокай ступенню аховы ад падробкі дасць магчымасць стварыць у краіне сучасную сістэму ідэнтыфікацыі асобы і забяспечыць юрыдычна значнае электроннае ўзаемадзеянне паміж насельніцтвам і дзяржавай праз выкарыстанне ідэнтыфікацыйнай карткі.

Акрамя таго, гэта дасць магчымасць спрасціць і скараціць тэрміны выканання адміністрацыйных працэдур, звязаных з выдачай і абменам біяметрычных дакументаў з 30 да 15 рабочых дзён у агульным парадку, з 15 да 10 - у паскораным і з 7 да 5 - у тэрміновым парадку.

Дзеючы цяпер пашпарт грамадзяніна Беларусі застанецца дакументам, які засведчвае асобу і служыць адначасова дакументам для выезду і (або) уезду ў Беларусь, з магчымасцю яго атрымання і далейшага абмену пасля даты ўвядзення біяметрычных дакументаў па жаданні заяўніка.

Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, замена дакументаў, што засведчваюць асобу, і дакументаў для выезду з краіны і (або) уезду ў Беларусь на біяметрычныя будзе праходзіць паступова. Да заканчэння тэрміну свайго дзеяння яны застануцца раўназначныя ў выкарыстанні з біяметрычнымі дакументамі.

Пры вызначэнні стаўкі дзяржпошліны выкарыстаны дыферэнцыраваны падыход. Так, для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян (пенсіянеры, інваліды І і ІІ групы) выдача ID-карткі складзе адну базавую велічыню, біяметрычнага пашпарта - паўтары базавыя велічыні, што з'яўляецца сабекоштам вырабу гэтых дакументаў. Для іншых грамадзян дзяржпошліна складзе паўтары і дзве базавыя велічыні за атрыманне ID-карткі і біяметрычнага пашпарта адпаведна.

Акрамя гэтага ўказ "Аб біяметрычных дакументах" уносіць змяненні і дапаўненні ва ўказ ад 7 верасня 2007 г. нумар 413 "Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання" і ў палажэнне аб рэгістрацыі грамадзян, зацверджанае гэтым указам.

Так, напрыклад, грунтуючыся на правапрымяняльнай практыцы, замацавана магчымасць рэгістрацыі непаўналетніх грамадзян па месцы жыхарства або месцы знаходжання законных прадстаўнікоў (аднаго з іх) у інтэрнатах і жылых памяшканнях сацыяльнага карыстання.

Таксама ўнесены змяненні ў пералік адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржорганамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджаны ўказам ад 26 красавіка 2010 г. нумар 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян" у частцы дакументавання насельніцтва. Каб пазбегнуць сітуацыі множнасці ўнясення змяненняў у адзін і той жа заканадаўчы акт указам вызначаецца, што архіўныя даведкі, копіі і выпіскі выдаюцца натарыяльнымі архівамі па месцы захоўвання дакументаў, а пералік адміністрацыйных працэдур дапаўняецца пунктам 18.27.

У ДГіМ МУС адзначылі, што ўвядзенне высокаабароненых біяметрычных дакументаў садзейнічае ўмацаванню нацыянальнай бяспекі краіны, павышэнню прэстыжу яго ўладальніка і паляпшэнню іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі