Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 мая 2021, 14:03

МУС папярэджвае аб недапушчальнасці выкарыстання незарэгістраванай сімволікі 9 мая

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку Міністэрства ўнутраных спраў Уладзімір Станілевіч папярэдзіў аб недапушчальнасці выкарыстання незарэгістраванай сімволікі 9 мая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З улікам няспынных спроб націску на праваахоўныя органы і звычайных грамадзян з боку дэструктыўных элементаў хацелася б нагадаць пра неабходнасць захавання агульнапрынятых норм паводзін у грамадстве, выкананні дзеючага заканадаўства і існуючай адказнасці за яго парушэнне. Асобна неабходна спыніцца на незаконным выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі, учыненні розных правакацыйных дзеянняў, а таксама абуральных паводзінах асобных грамадзян у час мерапрыемстваў", - сказаў Уладзімір Станілевіч.

Паводле яго слоў, органы ўнутраных спраў не дадуць азмрочыць вялікае свята Перамогі. "Любое правапарушэнне будзе імгненна спыняцца. Вінаватыя асобы будуць устаноўлены, затрыманы і прыцягнуты да адказнасці, - адзначыў намеснік начальніка. - Асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў мабілізаваны на добрасумленнае нясенне службы і гатовы да забеспячэння грамадскага парадку пры правядзенні святочных мерапрыемстваў. У сваю чаргу, добрапрыстойных грамадзян папрашу быць пільнымі, звяртаць увагу на падазроных асоб і безгаспадарныя прадметы, своечасова інфармаваць аб іх органы ўнутраных спраў. Толькі разам мы забяспечым бяспеку і створым свята для нашых ветэранаў".

Асабовы склад органаў унутраных спраў 9 мая будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме. "Прадугледжана інфармаванне насельніцтва аб неабходнасці выканання мер бяспекі, асаблівасцях арганізацыі прапускнога рэжыму, уводзімых абмежаваннях, змяненнях у арганізацыі руху асабістага і грамадскага транспарту, - расказаў Уладзімір Станілевіч. - Месцы правядзення афіцыйных і забаўляльных мерапрыемстваў будуць узяты пад асаблівы кантроль. У найбольш шматлюдных з іх будзе арганізаваны прапускны рэжым, у час якога прадугледжана выстаўленне ачаплення па перыметры месцаў правядзення, агляд тэрыторыi сапёрна-піратэхнічнымі групамі, абсталяванне неабходнай колькасці пунктаў пропуску. Перад кожным пунктам пропуску будзе ўстаноўлены інфармацыйны стэнд з указаннем прадметаў i рэчываў, забароненых да праносу".

У раёне плошчы Перамогі ў Мінску будуць працаваць камеры захоўвання. "Для асоб асаблівай катэгорыі - ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў, цяжарных жанчын, бацькоў з малымі дзецьмі - будуць абсталяваны асобныя пункты пропуску для больш хуткага праходжання. Пры неабходнасці будзе аказана дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама садзейнічанне ў іх дастаўцы да месцаў пражывання на службовым аўтатранспарце. Усе грамадзяне, якія пажадаюць прыйсці на свята, павінны прайсці надгляд на КПП, дзе неабходна прадставіць рэчы для агляду. У выпадку выяўлення забароненых прадметаў у ручной паклажы або на сабе яны будуць канфіскоўвацца, а людзі дастаўляцца ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для разбору", - падкрэсліў намеснік начальніка.

У Мінску пры правядзенні ранішніх і вячэрніх мерапрыемстваў на плошчы Перамогі будзе абмежаваны рух транспарту па праспекце Незалежнасці, а таксама забаронены выхад грамадзян са станцыі метро "Плошча Перамогі" на рытуальную пляцоўку да Вечнага агню. "Пасля заканчэння канцэрта на плошчы Перамогі ў 23.00 у 5 месцах Мінска адбудзецца святочны феерверк. Тэрыторыя ў радыусе 500 м ад кропак размяшчэння піратэхнічных зарадаў будзе зарэжымлена, прадугледжана абмежаванне руху і забарона стаянкі аўтатранспарту ў небяспечных зонах, - канстатаваў Уладзімір Станілевіч. - Акрамя таго, 9 мая на тэрыторыі Мінска будуць прадугледжаны нарады на станцыях метрапалітэна, чыгуначным вакзале, а таксама ў іншых месцах з масавым скопішчам грамадзян. Усе ўязныя магістралі сталіцы будуць знаходзіцца пад пільным кантролем нарадаў у ДАІ з прымяненнем сродкаў відэафіксацыі і выбарачнага надгляду аўтатранспарту".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі