Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 верасня 2025, 10:00

"Можна быць паспяховым, але не адчуваць сябе шчаслівым". Гісторыя мастака, які стаў дворнікам

Будны дзень, раніца, мінчане спяшаюцца на работу. Жыхары дома нумар 3 па вуліцы Брыля ўпэўнена выходзяць з пад'езда, не баючыся паслізнуцца: тратуар і дарожкі заўсёды пачышчаны ад наледзі і снегу, пасыпаны пяском. Добразычліва вітаюцца з дворнікам Аляксандрам Савіцкім і не здзіўляюцца, убачыўшы побач з ім журналістаў з фота- і відэакамерамі: прывыклі да такой увагі СМІ, ведаюць, што ён па сумяшчальніцтве яшчэ і мастак - або наадварот. Вось толькі сам ён, здаецца, не прывык. Дзівіцца: адкуль такая цікавасць да яго персоны? Збянтэжана паціскае плячыма, маўляў, нічога асаблівага не зрабіў: размалёўка сцен у пад'ездах - гэта так, для душы, людзям падабаецца і мне прыемна!

Слава напаткала нечакана-негадана


А пачыналася ўсё з вуліцы Касманаўтаў на Паўднёвым Захадзе сталіцы, дзе жыве прыяцель Аляксандра Савіцкага:

- Быў у яго неяк у гасцях і гавару: так тужліва ў вас у пад'ездзе! Сцены шэрыя, непрыгожыя - можна было б пейзаж які-небудзь намаляваць. Нібыта жартам прапанаваў. Сябар здзівіўся: а ты можаш? - успамінае Аляксандр Мікалаевіч.

Параіўся з жонкай, ёй захацелася карціну з лебедзямі. Мастак крыху падумаў над сюжэтам, сказаў, колькі акрылавай фарбы і якіх адценняў купіць, і ўзяўся за работу. Усе з цікавасцю назіралі, як сцяна паступова ператваралася ў водную роўнядзь, абрамленую чаротам і хмызняком, неўзабаве на ёй з'явіліся і беласнежныя гусі-лебедзі.

- Яшчэ і дзверы ліфта на іх паверсе размаляваў пад сярэдневяковую замкавую браму з каванымі навесамі. Суседзям спадабалася, таксама захацелі, - прадаўжае Аляксандр Мікалаевіч.

Ён і сам паступова захапіўся. Калі ў яго пад'ездзе на вуліцы Слабадской з часам фарбы і пабелка паблякнулі, на іх з'явіліся драпіны і непрыемныя для вока надпісы, вырашыў, што пара брацца за пэндзаль. Упрыгожыў сцены квітнеючымі садамі, вадаспадамі, сельскімі зімовымі пейзажамі, італьянскімі сядзібамі. Па просьбе ўжо сваіх суседзяў маляваў захад сонца над морам, рэплікі карцін вядомых мастакоў, мульцяшных герояў і звяроў для дзяцей.

- Гэта лайка сібірская, - паказвае Аляксандр Мікалаевіч на сцяну побач з кватэрай суседа. - У яго быў такі сабака, а калі яго не стала, папрасіў намаляваць... Сам ён ужо тут не жыве, напэўна, здымаў кватэру.

Сусед з'ехаў, а лайка на фоне беласнежнага снегу і горных вяршынь нібы прадаўжае чакаць свайго гаспадара…

Маляваў Аляксандр Савіцкі і алеем на палатне, нешта дарыў знаёмым і родным, нешта прадаваў тым, хто можа дазволіць сабе калекцыянаваць жывапіс. Адправіліся яго карціны ў Эфіопію і Германію, ёсць у пляменнікаў у Санкт-Пецярбургу, у Маскве і не толькі.

Розныя жанры асвоіў


- На партрэт патрэбна больш часу: трэба спачатку лепш пазнаць чалавека, паназіраць за яго эмоцыямі, даўжэй паразмаўляць, часцей глядзець у вочы, каб улавіць характар: проста знешняе падабенства перадаць нецікава, а вось паказаць яго душу - значна складаней, - разважае Аляксандр Мікалаевіч.

Яго больш прыцягвае прырода. І гэта не проста любоў, а нешта большае: здольнасць адчуваць сябе яе часцінкай і адначасова змяшчаць бязмерную навакольную прастору. Тое, што называецца "рэзаніраваць з навакольным светам". Дадзена такое не ўсім.

Патомны мастак


Першыя дзіцячыя ўспаміны Аляксандра Савіцкага звязаны з краявідамі ў роднай вёсцы Маціёва ў Талачынскім раёне.

- Мне было гадоў пяць, выходзіў на двор, у сад, і мяне ўсё хвалявала: сонейка свеціць, праталінка пад нагамі, дрэва распускае пупышкі. Было цікава: як гэта дрэва расце, як сілкуецца вільгаццю карэнне - растлумачыць словамі не мог, проста па адчуваннях памятаю… Вельмі хацелася потым убачанае адлюстраваць на паперы, - успамінае субяседнік. - Адкуль гэта? Напэўна, ад таты. Яго гены. Ён быў мастаком-афарміцелем, добра маляваў.

Да вайны бацька скончыў дзесяцігодку, паехаў у Ленінград. Ці вучыўся ён недзе мастацкаму майстэрству, не вядома. Магчыма, дапускае Аляксандр Мікалаевіч, пэўныя курсы скончыў. Вайна яго там і застала. Да 1942 года быў у блакадным горадзе, ледзь выжыў. У 1942-м разам з прыяцелем, дабавіўшы нехапаўшы да паўналецця год, пайшоў у ваенкамат. Пасля вучобы ў школе радыстаў адправілі на фронт. Дайшоў да Берліна. Вярнуўся з фронту ў Ленінград, а недзе ў 1947-м пераехаў у Мінск. Тут і пазнаёміўся з будучай жонкай, якая працавала на аўтамабільным заводзе, сама родам з Чэрвеньскага раёна. Пазней паехалі на радзіму бацькі - Талачыншчыну. Там ён уладкаваўся ў Дом культуры мастаком-афарміцелем.

– А яшчэ на скрыпцы добра іграў. Мне хацелася, каб і мяне навучыў, але не атрымалася. Пазней я сам асвойваў гітару, брынкаў нешта... Але ў дзяцінстве больш прыцягваў жывапіс. Да пятага класа ў мяне ўжо цэлы альбом малюнкаў назбіраўся. З ім і паехаў у Мінск у мастацкую школу паступаць, - успамінае Аляксандр Мікалаевіч.

Старэйшая яго сястра была ўжо студэнткай інстытута замежных моў, ёй вельмі хацелася дапамагчы брату здзейсніць мару. Аляксандр здаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю. Падвяла матэматыка - усяго адзін бал недабраў. У мастацкую школу яго не прынялі - конкурс той год быў вялікі, хоць малюнкі педагогі ацанілі: ёсць талент і трэба далей вучыцца. Аляксандр не моцна расстроіўся, што не паступіў: вясковаму хлапчуку было страшнавата заставацца ў вялікім незнаёмым горадзе.

Вучыўся з Цоем

Пасля заканчэння Аляксандрам восьмага класа сястра, якая да таго часу атрымала дыплом лінгвістычнага інстытута, выйшла замуж і жыла ў Ленінградзе, параіла паступіць у мастацка-рэстаўрацыйнае вучылішча. Тады гэта было СПТВ-61, цяпер - мастацка-рэстаўрацыйны каледж "Кіраўскі". Там рыхтавалі спецыялістаў-рэстаўратараў, разьбяроў па дрэве і камені, навучалі дэкаратыўнай размалёўцы, мазаіцы. Выкладалі інкрустацыю і малюнак. Вядома навучальная ўстанова тым, што там два гады вучыўся Віктар Цой – пасля таго, як яго выключылі з Ленінградскага мастацкага вучылішча імя Сярова. Аляксандр Савіцкі паступіў у СПТВ-61 у 1979 годзе. Цой на курс быў старэйшы.

- Блізка не сябравалі, у яго было сваё кола знаёмых, але бачыліся кожны дзень, віталіся. Добры быў хлопец, кампанейскі, просты, не ганарысты. Музыка яго больш цікавіла, часта іграў на гітары на перапынках. Помню, дырэктар заўвагі рабіў: "Заняткі пачаліся ўжо, а ты на балалайцы тут іграеш!" Хоць любіў яго. Цой і чырванадрэўшчыкам быў выдатным, і па камені выразаў фігуркі - нэцкэ, цяпер у музеі каледжа захоўваюцца яго работы, - расказвае Аляксандр Мікалаевіч.

У вучылішчы была і свая музычная група "Ракурс", у якой удзельнічаў Віктар Цой. Выступалі яны часта, але ніхто не мог і падумаць, наколькі імкліва ён стане знакамітым на ўсю краіну. І наколькі ў прынцыпе крута зменіцца жыццё савецкіх людзей.

Разважанні ля параднага пад'езда


Аляксандр асвойваў прафесію рэстаўратара-паркетчыка, вучыўся разьбе па дрэве, спасцігаў альфрэйны (дэкаратыўны) жывапіс. У час Алімпіяды ў 1980 годзе з аднакурснікамі ўдзельнічаў у святочным афармленні горада: выразалі сімвал Гульняў - Мішку - з высачэзнага кедра.

- Добры такі атрымаўся, метры тры-чатыры вышынёй. Потым яго ўстанавілі каля Гасцінага двара, - успамінае Аляксандр Мікалаевіч.

І рэстаўрацыяй паспеў пазаймацца - на вуліцы Марата ў доме-музеі свайго цёзкі А.М.Радзішчава, аўтара "Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву":

- Мы там паркет аднаўлялі, ды і не толькі там. Шмат дзе яшчэ руку прыклаў, пакінуў свой след у паўночнай сталіцы.

Ён па-ранейшаму называе яго Ленінградам, любіць за асаблівую творчую аўру, архітэктуру і музеі, куды хадзіў любавацца жывапісам. Гэты культурна-эстэтычны ўплыў праяўляецца і сёння ў афармленні пад'ездаў, у стылізацыях пад каваныя агароджы, вароты з разнастайнымі ўзорамі, завітушкамі, якіх так шмат у Санкт-Пецярбургу і яго наваколлі – Пушкіне, Паўлаўску, Пецяргофе…

Пасля службы ў арміі Аляксандр Савіцкі мог застацца ў Ленінградзе, працаваць рэстаўратарам, можа, прадоўжыў бы вучобу. Але ўсё склалася інакш.

- Брат прапанаваў: давай да нас на завод - МАЗ. Пацягнула на радзіму. Ну, думаю, папрацую крыху ў Мінску, а не спадабаецца, у Ленінград вярнуся. У СССР усё гэта было прасцей. Тым больш малады, халасты… Калі ажаніўся, сям'я і ўсё такое, так і застаўся, – тлумачыць Аляксандр Мікалаевіч.

А затым здарыліся 90-я гады. На заводзе прапрацаваў да 2000-га, потым - і сталяром у ЖЭС, і хаус-майстрам. Кватэру будавалі, крэдыт трэба было выплачваць. Калі як хаус-майстра яго скарацілі і прапанавалі часова папрацаваць дворнікам, давялося пагадзіцца:

- Спачатку не вельмі хацеў, але потым прывык. Успамінаў маміны словы: "Дзе б ты, сынок, ні працаваў, трэба адносіцца з душой і з любоўю і да справы, і да людзей". Так і стараюся ўсюды адказна выконваць абавязкі.

Галерэя на лесвіцы


Сёння Аляксандру Мікалаевічу прыемна сваёй работай і творчасцю дарыць людзям радасць, прыгажосць і чысціню. Не ўсім, праўда, зразумелы яго матывы. Часам дзівяцца і не разумеюць: мастакі такія грошы зарабляюць, званні атрымліваюць, а ты чаго? Ужо была б і свая майстэрня, багатым і знакамітым стаў бы.

– Для такіх людзей грошы, прызнанне важнейшыя за творчасць. Яны бачаць толькі знешняе. А колькі працы трэба ўкласці, унутраных сіл, цярпення, натхнення! Я, вядома, не крыўдую, для мяне галоўнае займацца тым, што даспадобы. Як музыканту ніхто не забароніць іграць, калі ў яго музыка жыве ўнутры, так і мастак знойдзе магчымасць увасобіць тое, што яго хвалюе. Гэта яго жыццё, - разважае Аляксандр Савіцкі.

Ён марыць напісаць вялікае палатно, маштабнае. Як, напрыклад, у Шышкіна ці Айвазоўскага.

- Калі бываў у Рускім музеі ў Ленінградзе, стаяў падоўгу, глядзеў і думаў: божа, нізка пакланіўся б усім ім у ногі, даўно пайшоўшым з жыцця мастакам, такім як Сурыкаў, Брулов. А Мясаедаў як маляваў і іншыя! Цяпер такіх няма. Гэта былі таленты! – з захапленнем пералічвае Аляксандр Мікалаевіч.

У Мінску ён любіць прагуляцца па галоўным праспекце, палюбавацца яго архітэктурай. Пачынае ад Галоўпаштамта, ідзе да ГУМа. Як у Ленінградзе на Неўскім, тут кожны будынак непаўторны. Архітэктар Іосіф Лангбард, які фарміраваў аблічча пасляваеннага Мінска, таксама вучыўся ў горадзе на Няве і засвоіў яго аўру і непаўторную стылістыку. Не менш дарагія мастаку і родныя прасторы. Праўда, нячаста атрымліваецца бываць на малой радзіме: нікога там ужо не засталося.

На пытанне, ці не шкадуе, што паехаў з Ленінграда, адказвае:

- Не! Напэўна, так было лёсам наканавана… Думаеце, там большага дасягнуў бы? Не ведаю. Можна быць паспяховым, але не адчуваць сябе пры гэтым шчаслівым, - разважае Аляксандр Савіцкі.

У яго пакуль няма ўмоў рэалізаваць задуманае, няма сваёй майстэрні. Але талент, калі ён ёсць, абавязкова знойдзе прымяненне. У гэтым мы пераканаліся, прагуляўшыся па паверхах пад'езда і з цікавасцю разглядаючы маляўнічыя краявіды: чым не галерэя?! А потым яшчэ некалькі разоў развітваліся і зноў пачыналі размову пра творчасць. І жартавалі, што атрымалася амаль як у класіка - разважанні ля параднага пад'езда.


Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Ганна МАСЛЯКОВА, фота Раміля НАСІБУЛІНА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі